V Беларускі касмічны кангрэс, які адбыўся 25–27 кастрычніка ў Мінску, можна лічыць паспяховым,
заявіў БелаПАН кіраўнік аргкамітэта форуму, прадстаўнік Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАНБ і выканаўчы дырэктар беларуска-расійскай касмічнай праграмы «Космас-НТ» Сяргей Караняка.

На працягу трох дзён дэлегаты кангрэса з Беларусі, Расіі і Украіны, разбіўшыся на тэматычныя секцыі, прадставілі і абмеркавалі каля 140 дакладаў. Паведамленні датычыліся, у прыватнасці, перспектыўных матэрыялаў для касмічнай тэхнікі; міжнародных касмічных праектаў і праграм; спадарожнікаў, мэтавай і навуковай апаратуры; апрацоўкі здымкаў зямной паверхні; касмічных тэхналогій і адукацыі; забруджвання касмічнай прасторы і астэроідна-каметнай небяспекі; выкарыстання вынікаў касмічнай дзейнасці ў інтарэсах розных галін эканомікі. Пасяджэнні па секцыях праходзілі ў Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАНБ.

Па выніках кангрэса дэлегаты прынялі фінальны дакумент, у якім выказалі падтрымку і адабрэнне дзеянням урадаў Беларусі, Расіі і Украіны ў касмічнай галіне.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы, паводле слоў Каранякі, высока ацанілі вынікі завершаных касмічных праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі: «Космас-БР» (1999–2002), «Космас-СД» (2004–2007) і «Космас-НТ» (2008–2011).

Гэта рашэнне «ўвасабляе меркаванне навуковай, інжынернай супольнасці, якое датычыцца праблем развіцця касмічнай галіны па разгледжаных пытаннях», заявіў кіраўнік аргкамітэта.

У сваім рашэнні дэлегаты кангрэса падтрымалі ініцыятыву стварэння Міжнароднай аэракасмічнай сістэмы глабальнага маніторынгу Зямлі для барацьбы са стыхійнымі бедствамі і тэхнагеннымі катастрофамі. «Гэта вельмі важна, асабліва ў святле апошніх падзей, бедстваў, якія адбыліся ў свеце. Калі б такая сістэма ўжо існавала, яна дапамагла б выратаваць дзясяткі тысяч жыццяў», — падкрэсліў Караняка.

Пасля працэдуры падпісання дакумент будзе разасланы ўсім удзельнікам кангрэса, а таксама ўрадам краін — удзельніц кангрэса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?