Крэмль без шуму і пылу прасоўвае свае праекты злучэння «постсаўка». Мякка ўгаворвае партнёраў — Казахстан і Беларусь. Нават у экспертаў злёгку едзе дах ад багацця інтэграцыйных новаўтварэнняў.
Так, у другой палове лістапада прэзідэнты трох краін Мытнага саюза павінныя падпісаць дамову аб Еўразійскай эканамічнай камісіі.

У сувязі з гэтым Дзмітрый Мядзведзеў 26 кастрычніка тэлефанаваў беларускаму калегу. Раней у Мінску гэтае ж пытанне вырашаў з Аляксандрам Лукашэнкам спецпрадстаўнік расійскага прэзідэнта Віктар Хрысценка. Постфактум ён паведаміў, што сустрэча «ў нейкай ступені падвяла базіс, рысу пад поўным узаемаразуменнем паміж Расіяй і Беларуссю ў поглядах на гэты новы орган».

Новы орган вырасце з Камісіі Мытнага саюза і павінен пачаць працу з 1 студзеня наступнага года, гэта значыць з запускам АЭП. А наогул гэта, трэба разумець, нейкі правобраз урада будучага Еўразійскага саюза (па матрыцы Еўракамісіі). Калі, вядома, гэтаму праекту Пуціна наканавана рэалізавацца, у чым шэраг беларускіх незалежных экспертаў моцна сумняюцца.

Ружы ў праекце, шыпы ў натуры

Наш абываталь, напэўна, зусім заблытаўся ў гэтых структурах. А хутчэй за ўсё за жангляваннем малавыразнымі абрэвіятурамі проста не сочыць. Гэта ж не курс у абменніках і не цэны ў прадуктовым.

Між тым новыя інтэграцыйныя праекты ўжо наехалі на апалітычных беларусаў свінцовымі мытамі на імпартныя аўто. Тарыф падняты, каб дагадзіць расійскаму аўтапраму.

Цяпер вось высвятляецца, што і самі ўвазныя мыты ў мытнай тройцы дзеляцца крыва. Паводле словаў экспертаў, у казахаў, напрыклад, імпарт на дзве траціны шэры (гэта значыць, партнёрам нічога адшпільваць не трэба), Беларусь жа практычна ўсё афармляе афіцыйна і на гэтай сумленнасці страчвае немалыя грошы.

Скептыкі бурчаць, што гэта толькі кветачкі. Афіцыйныя ж лідары спаборнічаюць у маляванні казачных перспектываў еўразійскай інтэграцыі. Услед за Пуціным і Лукашэнкам на гэтую тэму шырока і канцэптуальна выказаўся Нурсултан Назарбаеў.

Калі беларускі кіраўнік ужыў выраз «інтэграцыя інтэграцыі», то казахскі партнёр не менш патэтычна заяўляе, што «Еўразійскі саюз — гэта мегапраект, што адпавядае складаным выклікам сучаснасці і будучыні» і што «ён мае ўсе шанцы стаць арганічнай часткай новай сусветнай архітэктуры».

Гучыць горда, але незразумела, адкуль што возьмецца.
Ніхто не патлумачыў, за кошт чаго даволі адсталыя, шчыра кажучы, краіны раптам ірвануць і пакажуць сусветным лідарам.

Ніхто не расшыфраваў методыку, паводле якой выводзяцца шалёныя (менш чым на мільярды даляраў лік не ідзе) лічбы будучага профіту ўдзельнікаў праекта. Закрадаецца падазрэнне, што методыка старая — з пальца або са столі.

Лебедзь, рак і шчупак

На думку Валерыя Карбалевіча, эксперта аналітычнага цэнтра «Стратэгія» (Мінск), «яшчэ вялікае пытанне, ці будзе АЭП наогул функцыянаваць». Бо ў яго рамках трэба банальна ўзгадняць макраэканамічную палітыку, адзначыў аналітык у інтэрв’ю для Naviny.by.

Беларускае ж кіраўніцтва, як вядома, прызвычаілася кіраваць эканомікай і фінансамі без усялякіх там указаў. Ды і пры жаданні як, напрыклад, утрымаць інфляцыю ва ўзгодненых рамках, калі беларуская мадэль пайшла ўразнос? І як караць, калі параметры парушаныя?

Вось ужо цяпер Мінску даводзіцца ўпрошваць партнёраў, каб у парадку выключэння дазволілі яшчэ гадоў пяць адбіраць у экспарцёраў 30% валютнай выручкі (аказалася, у АЭП такую даніну дзяржаве браць забаронена).

З іншага боку, Расія, прапускаючы міма вушэй стогны Мінска наконт «роўнага доступу», не дае раскулачваць сябе на пастаўцы энерганосьбітаў.

Карацей, старая песня пра выключэнні, вынясенні за дужкі розных адчувальных пазіцый пагражае стаць бясконцай.

«Дваццацігадовы досвед постсавецкай інтэграцыі паказаў, што стварэнне нейкіх інстытутаў і заключэнне дамоваў зусім не гарантуюць, што ўсё гэта будзе працаваць»,

 — рэзюмуе Карбалевіч.

Паводле яго прагнозу,

і ў рамках новых праектаў партнёры будуць выконваць абавязанні хіба што выбарачна, у асноўным — калі гэта выгадна.

У сваю чаргу, аглядальнік-міжнароднік Раман Якаўлеўскі ў каментары для Naviny.by выказаў меркаванне, што «галоўны ключ Пуціна ў такой інтэграцыі — адзіная валюта, прасцей кажучы — расійскі рубель».

Эксперт прагназуе, што «Пуцін як дзюдаіст будзе ў гэтым пытанні даціскаць».

Зрэшты, хакеіст Лукашэнка ведае, як выслізгваць ад сілавых прыёмаў і рабіць падманныя рухі. Пакуль, на думку Валерыя Карбалевіча, беларускі кіраўнік вырашае чыста тактычныя задачы: чаму б і не раскруціць Крэмль на пернікі, нахвальваючы яго праекты?

Іншая справа, што інтэграцыя па прынцыпе «хто каго перахітрыць» наўрад ці паедзе далёка.

Дыктатуры не інтэгруюцца

Нарэшце, відавочна вось што: у праграмных заявах трох прэзідэнтаў-еўразійцаў — ні слова пра дэмакратычныя рэформы, палітычную мадэрнізацыю. А без гэтага ні пра якую агульную эканамічную прастору ад Лісабона да Уладзівастока і гаворкі быць не можа.

Вы скажаце: грошы не пахнуць, нікуды еўрапейцы не падзенуцца! Але вось вам свежы прыклад: «Дойчэ Банк» і «БНП Парыба» пад ціскам праваабаронцаў адмовіліся ад супрацоўніцтва з Мінскам — менавіта таму, што ад яго ўсё мацней тхне з палітычнага і маральнага пункту гледжання.

«Паспяховай можа быць толькі інтэграцыя эканамічна развітых краін з дэмакратычнай сістэмай», — кажа Валерый Карбалевіч. Таму ЕС — паспяховы прыклад, тлумачыць суразмоўца Naviny.by, а вось у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, на прасторы СНД інтэграцыйныя праекты буксуюць, глухнуць.

Вы спытаеце, прычым тут дэмакратыя? А справа ў тым, што дыктатуры інтэгруюцца «як мокрае гарыць», кажучы беларускай ідыёмай.

«Дыктатуры схільныя менавіта да закрыцця межаў, каб ніхто не выходзіў і не ўцякаў»,
— растлумачыў «Белсату» расійскі палітык Барыс Нямцоў.

Паводле словаў Валерыя Карбалевіча, дэмакратыя патрэбная як базавая ўмова інтэграцыі для таго, «каб кіраўнікі краін не баяліся аддаваць частку ўлады наднацыянальным органам».

Сапраўды, калі палітыкі звыклі да падзелу ўладаў і ратацыі кіроўных эліт унутры сваёй краіны, то дэлегаванне часткі паўнамоцтваў інтэграцыйнай надбудове не ўяўляецца катастрофай (што не выключае вязкага гандлю і абароны нацыянальных інтарэсаў).

Дыктатару ж заўсёды здаецца, што падступныя партнёры з крывымі ўсмешкамі ўжо падпільваюць цішком ножкі яго трона.

Захад над балотам

Зрэшты, калі інтэграцыю ініцыюе Крэмль, антыімперскія фобіі абуджаюцца і ў апазіцыі постсавецкіх краін. Маўляў, ведаем гэтыя звычкі, мякка сцеле, ды цвёрда спаць.

І пакуль Масква дэ-факта не паказала прывабнай мадэлі прагрэсіўнай інтэграцыі. Не стала магнітам для аскепкаў СССР. Рыторыка прыгожая, але як шыла з мяшка вылазіць геапалітыка — усё тое ж «збіранне земляў».

Іншая справа, што пасля выбараў новага-старога прэзідэнта Расіі праекты, у якіх моцная піяраўская кампанента, могуць здзьмуцца натуральным чынам.

Для самой Расіі (якой дай Бог у сваіх межах парадак навесці!), як і для багатага рэсурсамі Казахстана, гэта не смяротна. Украіна, якую Масква цяпер узмоцнена сватае, у такім выпадку адвяжацца і пойдзе збліжацца з ЕС.

У беларускага ж кіраўніцтва ніякай стратэгіі, відаць, няма наогул. Пад Крэмль не хочацца, а Еўропе мы такія не патрэбныя. Тупік, гібенне. Захад над балотам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?