У Гомелі актывісты кааліцыі «Наша альтэрнатыва» завяршылі стварэнне дакументальнага фільма «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён».

Як паведаміў аўтар ідэі і каардынатар праекта Канстанцін Жукоўскі, здымкі пачаліся ў жніўні 2011 года, за некалькі месяцаў актывісты атрымалі дакументальныя паказанні сведак ад соцень жыхароў Гомельскай вобласці.

Фільм заснаваны на ўспамінах жыхароў рэгіёну, якія памятаюць часы сталінскіх рэпрэсій, страцілі падчас рэпрэсій сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, аднавяскоўцаў.

«Лінія Сталіна» — гэта не абарончы рубеж у Мінскай вобласці, а лінія тэрору і рэпрэсій супраць народа, якая прайшла амаль праз кожную сям’ю. Улада ўпарта замоўчвае праўду аб рэпрэсіях. Нават калі ў лесе пад Гомелем знайшлі масавыя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій, то спрабавалі замяць гэты факт і казалі, што там пахаваныя чырвонаармейцы», — пракаментаваў Жукоўскі.

Працягласць фільма складае 35 хвілін.
У яго стварэнні ўзялі ўдзел Канстанцін Жукоўскі, Аляксандр Сівакоў, Ларыса Шчыракова, Сяргей Саладухін, Андрэй Цянюта, Яўген Якавенка і Андрэй Папоў. Паглядзець фільм пакуль можна ў інтэрнэце, але ўжо хутка актывісты маюць намер распаўсюдзіць дыскі з ім сярод жыхароў Гомеля і вобласці.
Гэта не першая спроба гомельскіх актывістаў звярнуць увагу грамадскасці на тое, што ўлады адмаўляюць факт сталінскіх рэпрэсій.
Раней актывісты знялі аматарскі дакументальны фільм на гэтую ж тэму «Лес смерці».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?