З 2 красавіка стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжана на 2 працэнтныя пункты — да 36% гадавых.

Такое рашэнне прынята Нацыянальным банкам у канцы сакавіка «на фоне ўмацавання станоўчых тэндэнцый у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы». Нацбанк, у прыватнасці, улічыў «устойлівае запавольванне інфляцыйных працэсаў, стабільны рост рублёвых дэпазітаў насельніцтва, паляпшэнне стану знешняга гандлю».

«Пры гэтым стаўка рэфінансавання і асноўныя стаўкі па тэрміновых рублёвых інструментах працягваюць знаходзіцца на высокім як намінальным, гэтак і рэальным узроўні, — зазначаецца ў паведамленні Нацбанка. — У выніку забяспечваецца захаванне высокай даходнасці па прапаноўваемых банкамі рублёвых укладах насельніцтва, якая перавышае даходнасць па дэпазітах у замежнай валюце і чаканы ўзровень інфляцыі».

Далейшая дынаміка стаўкі рэфінансавання будзе вызначацца найперш інтэнсіўнасцю інфляцыйных працэсаў і сітуацыяй у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы, заявілі ў Нацбанку.

Цяперашняе зніжэнне стаўкі рэфінансавання — трэцяе з пачатку 2012 года: першы раз стаўка была зніжана 15 лютага, затым — 1 сакавіка. На працягу 2011 года гэты паказчык павышаўся 12 разоў.

Між тым кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду Крыс Джарвіс заявіў, што МВФ лічыць сакавіцкае зніжэнне стаўкі рэфінансавання да 38% дачасным. Паводле яго слоў, такі крок можна было зрабіць ва ўмовах зніжэння асноўных працэнтных ставак Нацбанка, ставак па крэдытаванні, калі больш умацуецца стабільнасць і знізяцца інфляцыйныя чаканні насельніцтва. «Вельмі важна ўпэўніцца, што гэтыя ўмовы маюць месца, перш чым скарачаць працэнтныя стаўкі», — падкрэсліў прадстаўнік МВФ.

Аднак на сустрэчы з кіраўніком Нацбанка Надзеяй Ермаковай 6 сакавіка Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся прадаўжаць зніжэнне стаўкі рэфінансавання, «для таго каб эканоміка магла атрымаць больш танныя грошы».

Са свайго боку, кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова прызнала: для стрымлівання цэн дзяржава прымяняе адміністрацыйны рэсурс. Але, заўважыла яна, «гэта нармальная сітуацыя, таму што кожная краіна рэгулюе тыя ці іншыя цэны, асабліва на сацыяльна значныя тавары ці паслугі».

Паводле слоў Ермаковай, стаўка рэфінансавання павінна заставацца станоўчай у параўнанні з узроўнем інфляцыі. «Рэзка зніжаць стаўку рэфінансавання мы не будзем», — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка. Пры гэтым яна дадала: «Мы пакідаем за сабой права, калі раптам нешта зменіцца ў цэнах або інфляцыі, стаўку рэфінансаваня і павысіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?