Сяргей Савіч.
Казаць, колькі падпісантаў у Lit.bel, проста не мае сэнсу: у той момант, калі Generation.bY дамаўляўся на інтэрв’ю з яе заснавальнікам Сяргеем Савічам, старонку праглядалі каля 10 тысячаў чалавек, у момант размовы аўдыторыя вырасла да 17 тысячаў, а ўжо на наступны дзень да яе дадаліся яшчэ паўтысячы чалавек.
Вопыт Сяргея Савіча ўнікальны: яго старонка прадэманстравала такі хуткі рост падпісчыкаў, што дазваляе казаць аб праекце Lit.bel. як аб паспяховым стартапе.
Ад «Тыповага Мінска» да нетыповай Беларусі
Сам 28-гадовы мастак з Жодзіна Сяргей Савіч не разглядае Lit.bel. як нейкі бізнэс-праект ці інструмент ўплыву на беларускую аўдыторыю ў VK.
«Галоўная задача Lit.bel. — зрабіць так, каб народ не саромеўся сваёй мовы, — кажа Сяргей. — Канечне, у вузкіх колах яна мае пэўны статус, яе любяць і на ёй размаўляюць. Але цяпер ва ўсёй краіне такая сітуацыя, што мала хто яе ведае так, каб па-беларуску можна было гаварыць прыгожа».
Lit.bel. — не першая спроба Сяргея ў раскрутцы публічных старонак ці «паблікаў».Паблік — гэта той самы акаунт — аналяг «пэйджаў» у Фэйсбуку — але, каб праглядаць яго, не трэба дадавацца да кагосьці ў сябры. Карыстальнікі проста падпісваюцца на старонку, і ўсе паведамленні пабліку ў залежнасьці ад наладак пачынаюць з’яўляцца ў іхніх стужках навінаў. У такіх старонак звычайна адзін альбо некалькі мадэратаў: толькі яны маюць права пакідаць паведамленні на сцяне пабліка.
Першым сапраўды папулярным паблікам Сяргея стала расейскамоўная старонка "Тыповы Мінск". Цяпер у яе 32 тысячы падпісчыкаў,хаця яшчэ шэсць месяцаў таму іх было некалькі дзесяткаў.
«Тыповы Мінск» я стварыў пры канцы лістапада 2011, але займацца пачаў — паводле прыкладаў падобных старонак Піцера, Кіева — у 2012, — кажа Сяргей. — У Мінску такога яшчэ не было. Таму хацелася паказаць народу, што можна рабіць такое і тут. Нейкія сябры пабачылі паведамленні са старонкі на маёй сцяне і пачалі на яе падпісвацца».
Але сапраўдны бум пабліку пачаўся пры канцы зімы, калі ў яго пачалі прыходзіць невядомыя людзі.Калі колькасьць падпісчыкаў «Тыповага Мінска» дасягнула 20 тысячаў чалавек, Сяргей стварыў новы праект, «каб ён быў ня толькі пра Мінск, але і пра Беларусь». Так узьнік Lit.bel.
«Рабіце самі. Рана ці позна вы даб’ецеся выніку»
Цытаты і фотаздымкі для пабліка Сяргей знаходзіць у інтэрнэце.
«Але нейкага аднаго месца, дзе можна знайсці ўсе гэты разумныя словы і прыгожыя малюнкі, няма. Часам нешта чытаеш-чытаеш па-англійску, расейску, украінску, з’яўляецца думка ў галаве, і ты пачынаеш нешта прыгадваць, адаптоўваць да нашага чалавека», — апісвае працэс стварэння кантэнту Lit.bel. Сяргей. Агулам
у дзень на свае старонкі ў сацыяльнай сетцы ён траціць па некалькі гадзінаў: «Гэта вялікая праца».
«Я стварыў Lit.bel. у канцы красавіка-пачатку мая. І ўжо праз месяц-два там было да халеры народу. Думаю, гэта толькі пачатак».
Сяргей ужо адчуў адзін з бакоў папулярнасці: да яго пастаянна звяртаюцца людзі, што хочуць хутка раскруціць уласныя паблікі і групы.
«У адказ на гэта я кажу: «Рабіце самі. Рана ці позна вы даб’ецеся нейкага выніку». Але людзі вельмі нецярплівыя. Можа быць, зараз такое пакаленне, што не хоча чакаць».
«Адно з галоўных правілаў стварэння паспяховых паблікаў — разумець, што людзі хочуць пабачыць і што яны будуць каментаваць і адзначаць. Важна, у які час рабіць пасты, колькі разоў у дзень. Гэтыя дробязі даволі моцна ўплываюць на іх поспех. Але я не вельмі карыстаюся падобнымі колькаснымі правіламі».
Зрэшты, аб будучыні Lit.bel. у Сяргея няма цвёрдага ўяўлення.
«Vkontakte увесь час нешта мяняе. Магчыма, хутка нешта новае зноўку з’явіцца — і паблікі могуць адыйсці ў цень. Але калі нешта і захочацца памяняць — то памяняю стыль старонкі.
Самае галоўнае, каб беларуская мова заставалася. Каб людзі ішлі на старонку дзеля яе».