Культура77

Стваральнік самага папулярнага беларускага пабліку Укантакце: «Зрабіць так, каб народ не саромеўся мовы»

Хуткі рост падпісчыкаў дазваляе казаць аб праекце Lit.bel як аб паспяховым стартапе.

Казаць, колькі падпісантаў у Lit.bel, проста не мае сэнсу: у той момант, калі Generation.bY дамаўляўся на інтэрв’ю з яе заснавальнікам Сяргеем Савічам, старонку праглядалі каля 10 тысячаў чалавек, у момант размовы аўдыторыя вырасла да 17 тысячаў, а ўжо на наступны дзень да яе дадаліся яшчэ паўтысячы чалавек.

Вопыт Сяргея Савіча ўнікальны: яго старонка прадэманстравала такі хуткі рост падпісчыкаў, што дазваляе казаць аб праекце Lit.bel. як аб паспяховым стартапе.

Ад «Тыповага Мінска» да нетыповай Беларусі

Сам 28-гадовы мастак з Жодзіна Сяргей Савіч не разглядае Lit.bel. як нейкі бізнэс-праект ці інструмент ўплыву на беларускую аўдыторыю ў VK.

«Галоўная задача Lit.bel. — зрабіць так, каб народ не саромеўся сваёй мовы, — кажа Сяргей. — Канечне, у вузкіх колах яна мае пэўны статус, яе любяць і на ёй размаўляюць. Але цяпер ва ўсёй краіне такая сітуацыя, што мала хто яе ведае так, каб па-беларуску можна было гаварыць прыгожа».

Lit.bel. — не першая спроба Сяргея ў раскрутцы публічных старонак ці «паблікаў».
Паблік — гэта той самы акаунт — аналяг «пэйджаў» у Фэйсбуку — але, каб праглядаць яго, не трэба дадавацца да кагосьці ў сябры. Карыстальнікі проста падпісваюцца на старонку, і ўсе паведамленні пабліку ў залежнасьці ад наладак пачынаюць з’яўляцца ў іхніх стужках навінаў. У такіх старонак звычайна адзін альбо некалькі мадэратаў: толькі яны маюць права пакідаць паведамленні на сцяне пабліка.

Першым сапраўды папулярным паблікам Сяргея стала расейскамоўная старонка "Тыповы Мінск". Цяпер у яе 32 тысячы падпісчыкаў,
хаця яшчэ шэсць месяцаў таму іх было некалькі дзесяткаў.

«Тыповы Мінск» я стварыў пры канцы лістапада 2011, але займацца пачаў — паводле прыкладаў падобных старонак Піцера, Кіева — у 2012, — кажа Сяргей. — У Мінску такога яшчэ не было. Таму хацелася паказаць народу, што можна рабіць такое і тут. Нейкія сябры пабачылі паведамленні са старонкі на маёй сцяне і пачалі на яе падпісвацца».

Але сапраўдны бум пабліку пачаўся пры канцы зімы, калі ў яго пачалі прыходзіць невядомыя людзі.
Калі колькасьць падпісчыкаў «Тыповага Мінска» дасягнула 20 тысячаў чалавек, Сяргей стварыў новы праект, «каб ён быў ня толькі пра Мінск, але і пра Беларусь». Так узьнік Lit.bel.

«Рабіце самі. Рана ці позна вы даб’ецеся выніку»

Цытаты і фотаздымкі для пабліка Сяргей знаходзіць у інтэрнэце.

«Але нейкага аднаго месца, дзе можна знайсці ўсе гэты разумныя словы і прыгожыя малюнкі, няма. Часам нешта чытаеш-чытаеш па-англійску, расейску, украінску, з’яўляецца думка ў галаве, і ты пачынаеш нешта прыгадваць, адаптоўваць да нашага чалавека», — апісвае працэс стварэння кантэнту Lit.bel. Сяргей. Агулам

у дзень на свае старонкі ў сацыяльнай сетцы ён траціць па некалькі гадзінаў: «Гэта вялікая праца».

«Я стварыў Lit.bel. у канцы красавіка-пачатку мая. І ўжо праз месяц-два там было да халеры народу. Думаю, гэта толькі пачатак».

Сяргей ужо адчуў адзін з бакоў папулярнасці: да яго пастаянна звяртаюцца людзі, што хочуць хутка раскруціць уласныя паблікі і групы.

«У адказ на гэта я кажу: «Рабіце самі. Рана ці позна вы даб’ецеся нейкага выніку». Але людзі вельмі нецярплівыя. Можа быць, зараз такое пакаленне, што не хоча чакаць».

«Адно з галоўных правілаў стварэння паспяховых паблікаў — разумець, што людзі хочуць пабачыць і што яны будуць каментаваць і адзначаць. Важна, у які час рабіць пасты, колькі разоў у дзень. Гэтыя дробязі даволі моцна ўплываюць на іх поспех. Але я не вельмі карыстаюся падобнымі колькаснымі правіламі».

Зрэшты, аб будучыні Lit.bel. у Сяргея няма цвёрдага ўяўлення.

«Vkontakte увесь час нешта мяняе. Магчыма, хутка нешта новае зноўку з’явіцца — і паблікі могуць адыйсці ў цень. Але калі нешта і захочацца памяняць — то памяняю стыль старонкі.

Самае галоўнае, каб беларуская мова заставалася. Каб людзі ішлі на старонку дзеля яе».

Каментары7

Цяпер чытаюць

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж20

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж

Усе навіны →
Усе навіны

Калі насамрэч людзі адкрылі Амерыку? Адказ знайшлі ў старажытнай ДНК3

Вынеслі прысуд вінаватым у смерці ў М'янме беларускі Веры Краўцовай

Пасля 14‑ці гадоў працы ў цэнтры Мінска закрываецца бар «Бяссонніца»

Беларусь на 27‑м месцы ў Еўропе па кошце найдаражэйшай кампаніі ў краіне2

Трамп: ЗША не будуць атакаваць Іран да выбараў

У Мінску ёсць крама, у якой можна цалкам апрануцца нават за 100 рублёў

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў6

Крэмль апублікаваў сумесныя ФОТЫ Пуціна і Герхарда Шродэра1

Былы палітвязень Бандарук, зацяты крытык дэмакратычных сілаў: Я ненавіджу беларускую мову77

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж20

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць