Незалежны актор

“Як толькі Эўразьвяз удасканаліць сваю абарону й палітыку бясьпекі ды зробіцца незалежным акторам на міжнароднай сцэне, мы павінныя будзем вызначыць сваю палітыку бясьпекі ў дачыненьні да Расеі, нашага найвялікшага суседа”. Гэтыя словы Рудольфа Шарпінга, нямецкага міністра абароны, прымусілі скалануцца амэрыканскіх ваенных начальнікаў.

 

Эўропа, і перш за ўсё яе галоўная сіла – Нямеччына – паступова выходзіць з-пад кантролю NATO і з усё большай прыхільнасьцю ставіцца да Расеі, тады як у яе адносінах са Злучанымі Штатамі назіраецца пахаладаньне. Паўночнаатлянтычнаму альянсу з гэтым цяжка прымірыцца, бо ён на працягу паўстагодзьдзя ахоўваў эўрапейскую стабільнасьць і пасьпяхова адстойваў амэрыканскія інтарэсы ў Эўропе.

Але альянс не распадзецца, бо ён занадта важны для ўсіх. Не ў апошнюю ролю і для спакою многіх эўрапейцаў, якія дагэтуль лічаць, што іх кантынэнт стане нестабільным, калі Амэрыка пакіне яго. Але, як можна зразумець са словаў сп.Шарпінга, у трансатлянтычных адносінах нешта надламілася.

Эўразьвяз, які зараз складаюць 15 краінаў, напачатку быў толькі гандлёвым саюзам пад патранажам ЗША. Але зь цягам часу ў яго чальцоў разьвіліся сур’ёзныя ўласныя вайсковыя й стратэгічныя амбіцыі. Відавочна й тое, што пошук Эўропай устойлівага балянсу сілаў у яе сувязях з Вашынгтонам пасьля халоднай вайны адміністрацыя Буша яшчэ толькі мае асэнсаваць.

На мінулым тыдні ў Мюнхэне, зьвяртаючыся да калегаў па альянсе, амэрыканскі міністар абароны Дональд Рамсфэльд ні разу ня ўжыў назвы “Эўразьвяз”. “Вынікае, што Зьвязу няма ў радары містэра Рамсфэльда”, — заўважыў Вольфганг Ішынгэр, адзін з кіраўнікоў нямецкага МЗС. Разам з тым, Эўразьвяз ужо мае структуры, што займаюцца вайсковым плянаваньнем, ды рыхтуе 60-тысячныя сілы хуткага рэагаваньня. Эўра, якое хутка зробіцца валютаю вуліцаў Барсэлёны, Брусэлю ды Бэрліна, заўжды было палітычным праектам, які меў на мэце аб’яднаць Эўропу дзеля процівагі амэрыканскаму дамінаваньню.

Пакуль невядома, які выклік кінуць эўрапейцы супэрдзяржаве па той бок акіяну. Францыя, напрыклад, жадае, каб новае эўрапейскае войска было незалежным ад NATO, альбо хаця б было ўзброенае на дастатковым узроўні, каб быць незалежным. Брытанія называе гэтыя ідэі дэстабілізуючым гальскім трызьненьнем. Але Эўропа дакладна вырашыла стварыць зародак арміі – важкі дадатак да эканамічнай і палітычнай інтэграцыі.

Для Ёшкі Фішара, нямецкага міністра замежных справаў, такая інтэграцыя – “гістарычны працэс”, які ня зможа спыніць ніхто, нават Амэрыка. Эўразьвяз жадае, каб да яго ставіліся як да роўнага ў рамках Паўночнаатлянтычнага альянсу. Час, калі Амэрыцы даводзілася мець справу са сьціжмай дробных саюзьнікаў, адыходзіць у нябыт.

Паводле The New York Times


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0