Калі нейкі народ зусім пазбаўлены выбару, за яго гэтую працу ўрэшце выконаюць іншыя народы.

Піша Віталь Тарас.

Так, на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах лідэр ультраправых Ле Пэн у першым туры набраў толькі на тры працэнты менш галасоў, чым Жак Шырак, але ў другім туры безагаворачна перамог Шырак. Дый ня ў тэксьце Канстытуцыі справа. Як паказваюць апытаньні, палова францускіх выбарцаў яе дагэтуль не прачыталі. Тут важны сам факт — прыняцьце Канстытуцыі будзе сымбалізаваць новы статус Эўразьвязу — дзяржаўны ці, дакладней, наддзяржаўны.

Але як бы ні прагаласавалі французы, як бы ні драматызавалі эўрапейскія палітыкі магчымыя вынікі галасаваньня, ясна, што існаваньню Зьвязу гэтыя вынікі не пагражаюць.

Чалавеку з досьведам беларускай сучаснасьці цяжка паверыць у некаторыя рэчы. Напрыклад, у тое, што дэмакратычныя працэдуры — у прыватнасьці, рэфэрэндум — патрэбны ня дзеля ўмацаваньня чыёйсьці ўлады ці дэманстрацыі адданасьці грамадзянаў краіны ўладзе, а каб праверыць, ці адпавядае палітыка ўладаў жаданьням выбарцаў. І ня проста праверыць, а калі трэба, дык і ўнесьці ў палітыку карэктывы, хацелася б гэтага кіроўным элітам ці не. А самае цяжкае — паверыць у тое, што ў сучаснай палітыцы на Захадзе няма загадзя падрыхтаваных адказаў, пад якія можна падганяць вынікі апытаньняў, што сама гэтая палітыка, а значыць і гісторыя, — шматварыянтныя. І залежаць гэтыя варыянты ад выбару грамадзян.

Тое, што выглядае як слабасьць дэмакратыі, як бязладзьдзе, насамрэч ёсьць неаспрэчнай перавагай. Тое, што паміж «старымі» і «новымі» сябрамі аб’яднанай Эўропы існуюць вострыя рознагалосьсі па самых розных пытаньнях, яшчэ не азначае, што вынікі рэфэрэндуму ў адной асобна ўзятай краіне могуць закрэсьліць пашырэньне Эўразьвязу. А вось зьмяніць, у пэўнай ступені, узаемаадносіны паміж эўрапейскімі дзяржавамі можна. Зразумела, калі самі гэтыя дзяржавы, іх народы ды эліты гатовыя паважаць права іншых. Аб тым, што кансэнсус паміж дэмакратычнымі дзяржавамі ня толькі мажлівы, але жыцьцёва неабходны, сьведчыць пасьляваенная гісторыя Эўропы.

NATO і Варшаўская дамова: заўважце розьніцу

Пасьля сьвяткаваньня 60-годзьдзя Перамогі неяк амаль непрыметна прайшоў іншы юбілей. 14 траўня споўнілася 50 год з дня Варшаўскай дамовы. Яно й зразумела — сьвяткаваць гэтую дату няма як. NATO, у процівагу якому стваралася Варшаўская дамова, існуе й пашыраецца, а Варшаўскага пакту, як і сацыялістычнага лягеру — няма. Лёгка выдаваць сябе сёньня за разумніка і казаць, што лёс Варшаўскае дамовы быў ужо тады прадвызначаны. Яшчэ гады за тры да распаду СССР мала хто мог прадказаць хуткі канец савецкае сыстэмы.

Але вось на што з вышыні сёньняшняга дня нельга не зьвярнуць увагу. Блёк NATO і тады, і цяпер у краінах усходняга блёку іначай як агрэсіўным не называлі. Варшаўскі дагавор, зразумела, меў выключна мірны й абарончы характар. Між тым, як вядома, усяго праз год пасьля яго ўтварэньня СССР увёў войскі ў Вугоршчыну, патапіўшы ў крыві паўстаньне ў Будапэшце. У 1968 г. адбылося задушэньне Праскай вясны.

Паўночнаатлянтычны альянс хаця й вёў баявыя дзеяньні ў Эўропе (хоць, варта заўважыць, ужо пасьля распаду СССР і Югаславіі), але ж гэта былі вайсковыя апэрацыі супраць краін, якія не ўваходзілі ў блёк NATO. А Савецкі Саюз за 35 гадоў існаваньня мірнага дагавору тройчы праводзіў ваенныя інтэрвэнцыі супраць саюзьнікаў! І нават асобная пазыцыя Румыніі нічога не магла зьмяніць. Так званы «дэмакратычны цэнтралізм» дзейнічаў тады і ў дачыненьнях Крамля з саюзьнікамі, што азначала: Масква загадала, усе астатнія выконваюць.

Немагчыма ўявіць, каб Злучаныя Штаты празь нейкія супярэчнасьці зь іншымі сябрамі альянсу правялі супраць іх вайсковую апэрацыю. Больш за тое, сябры NATO Грэцыя й Турцыя, варожасьць паміж якімі назапашвалася стагодзьдзямі, ані разу не ўступілі ў сур’ёзныя сутыкненьні паміж сабой. І тлумачыцца гэта тым, што рашэньні ў NATO прымаліся й прымаюцца кансэнсусам. Пры ўсёй адрознасьці вайскова-прамысловага патэнцыялу тых самых ЗША, Брытаніі і, скажам, Люксэмбургу ніхто ня мог зьняважліва паставіцца да пазыцыі ўраду апошняй у тым або іншым пытаньні палітыкі Альянсу.

Дарэчы, супярэчнасьці паміж некаторымі краінамі NATO і ЗША адносна вайны ў Іраку ў немалой ступені былі справакаваныя не зусім паважлівым стаўленьнем, дакладней, тонам Вашынгтону што да меркаваньня шэрагу эўрапейскіх сталіц. Разам з тым, прынцып кансэнсусу не ператварыў NATO ў нейкую аморфную структуру зь няпэўнымі функцыямі. У выпадку вайны супраць Югаславіі ўсе краіны Альянсу спрацавалі зладжана, апэратыўна й эфэктыўна. Найперш у замежнапалітычным пляне.

Можна разважаць над тым, наколькі маральна апраўданай была вайна супраць Югаславіі або спрачацца на тэму — наколькі ўвогуле эфэктыўныя войны як сродак палітыкі ў ХХІ стагодзьдзі? Але ж ёсьць і неабвержны факт: у Эўропе вось ужо 60 год пануе мір. Вайна ў Югаславіі, справакаваная дзеяньнямі Мілошавіча, стала тым самым выключэньнем, якое толькі пацьвярджае правіла. Між тым у Савецкім Саюзе, які лічыў сябе гарантам міру ва ўсім сьвеце, былі і Карабах, і Абхазія, і Малдова, ды ўсё яшчэ працягваецца вайна ў Чачэніі.

Парушальнікі выдаляюцца з поля

Зразумела, паваенная Эўропа зусім не зямны рай у сэнсе міжнацыянальных і міжканфэсійных дачыненьняў. Межы, усталяваныя ў Ялце, не задавальняюць — кожнага ў рознай ступені — ні немцаў, ні палякаў, ні беларусаў, ні вугорцаў, ні баўгар, ні шмат каго яшчэ. І некаторыя зьявы паваеннай гісторыі — напрыклад, высяленьне судэцкіх немцаў або зьнішчэньне бандэраўцаў на тэрыторыі Польшчы, выдача Брытаніяй эмігрантаў-казакоў Расеі — усё яшчэ чакаюць маральнай ацэнкі ў сьвятле сучасных каштоўнасьцяў. Аднак прынцып недатыкальнасьці пасьляваенных межаў утрымліваецца ў Хэльсынскіх пагадненьнях, падпісаных краінамі — сябрамі АБСЭ.

Беларусь, якая таксама зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі, фармальна трымаецца прынцыпаў АБСЭ, бо пайсьці на разрыў зь ёй значыла б для рэжыму пазбавіцца аднаго з апошніх легітымных апірышчаў на міжнароднай арэне. Між тым Хэльсынскія пагадненьні існуюць у пакеце. Нельга выконваць толькі частку зь іх, прычым адвольна. Неад’емная частка гэтых пагадненьняў — выкананьне правоў чалавека і правоў меншасьцяў. Савецкі Саюз, чый подпіс стаіць пад Хэльсынскімі пагадненьнямі, спрабаваў ігнараваць «трэці кошык» (правы чалавека). Але гэта яму не дапамагло — наадварот, паскорыла паразу ў «халоднай вайне».

І справа ня ў тым, што ў ЗША і Заходняй Эўропе ўлады апантаныя ідэяй перамогі дэмакратыі ва ўсім сьвеце, а заходняе грамадзтва быццам бы толькі й марыць, каб улады Беларусі забясьпечылі грамадзянам правы й свабоды. Усё выглядае значна больш празаічна. Калі нейкая краіна ня хоча прызнаць некаторыя прынцыпы, добраахвотна прынятыя ўсімі ўдзельнікамі нейкай супольнасьці, калі кіраўніцтва гэтай краіны сыстэмачна парушае правы чалавека, правы меншасьцяў, у астатніх натуральным чынам узьнікаюць цяжкія падазрэньні. Ці імкнецца яна, гэтая краіна, быць паўнавартасным сябрам эўрапейскай супольнасьці? Наколькі шчырая палітыка кіраўніцтва гэтай дзяржавы ў адносінах да іншых сяброў супольнасьці? Чаго ад яе можна чакаць у далейшым, ці ня здрадзіць яна пры першым зручным выпадку ўсім астатнім прынцыпам АБСЭ — у тым ліку, напрыклад, прынцыпу непарушнасьці межаў альбо мірнага вырашэньня канфліктаў? Падазрэньне й падазронасьць, якія натуральным чынам узьнікаюць адносна няшчырай палітыкі, выклікаюць, прынамсі, насьцярожанае стаўленьне да тых, хто яе праводзіць. Больш за тое, нахабная палітыка вымагае нейкіх прэвэнтыўных захадаў, каб засьцерагчыся ад рознага роду нечаканасьцяў з боку няшчырага й непрадказальнага партнэра. Само існаваньне такога суб’екту на мяжы Эўразьвязу становіцца свайго роду фактарам дэстабілізацыі — нават калі ўнутры яго пануе нібыта поў-ная стабільнасьць. Спадзяваньні афіцыйнага Менску на супярэчнасьці паміж эўрапейскімі краінамі і ЗША, паміж «старой» і «новай» Эўропай выглядаюць марнымі. Бо ў адносінах да краіны, якая не жадае гуляць па агульнапрынятых правілах у краінах цывілізаванага сьвету, заўсёды будзе кансэнсус — узьдзеяньне гэтай краіны на эўрапейскія працэсы трэба зьвесьці да мінімальнага альбо прымусіць яе гуляць па правілах. А інакш — далоў з поля!

«Наперад, Францыя!»

Зразумела, замежнапалітычны фактар, да якіх належыць, у прыватнасьці, фактар Беларусі, у палітыцы розных эўрапейскіх краін займае неаднолькавае месца. Зусім натуральна, што палітыка Менску ўяўляецца большай праблемай для Варшавы, чым для Парыжу. Але раней ці пазьней сама лёгіка агульнаэўрапейскіх працэсаў прымусіць усю Эўропу як цэльны геапалітычны арганізм вырашаць праблему Беларусі.

Найлепшы выпадак, калі сам народ робіць выбар і сам вырашае свае праблемы, — як гэта здарылася ва Ўкраіне. Але з гісторыі мы ведаем, што калі нейкі народ доўга ўхіляецца ад выбару, за яго гэтую працу нярэдка выконваюць іншыя народы.

У Расеі сёньня больш магчымасьцяў узьдзейнічаць на сытуацыю ў Беларусі, чым у Эўразьвязу. Бязьдзеяньне беларускіх палітыкаў, большасьць зь якіх чакаюць разьвіцьця падзей, замест таго каб актыўна ўдзельнічаць у іх, прывядзе да таго, што беларускай палітыкі як зьявы проста не застанецца. Айчынным палітыкам, калі ўсё будзе ісьці ў ранейшым кірунку, прыйдзецца зь цягам часу займаць новыя нішы — каму ў СПС, каму ў КПРФ, каму ў «Адзінай Расеі». Інакш кажучы, выбару, па сутнасьці, не застаецца — альбо адстойваць сваё права быць часткай Эўропы, альбо — назад, у Вялікую Расею.

Нядаўняя дыскусія ў праграме «Часы» на 1-м канале з нагоды Дня Перамогі паказала: расейская эліта ўжо страціла надзею на тое, што яе краіну калі-небудзь прызнаюць Эўропай, таму расейскім інтэлектуалам застаецца толькі адзін з двух з пыхай ставіць сябе… вышэй за яе. Краіны Балтыі ды Польшчу яны наагул ня хочуць прызнаваць краінамі. Пра Беларусь й гаворкі няма.

Эліты элітамі, але ёсьць яшчэ такая простая рэч, як футбол. На яго ходзяць, дарэчы, усе, у тым ліку інтэлектуалы. Сёлета ўпершыню Кубак УЭФА заваяваў расейскі клюб. Але варта зьвярнуць увагу, што за маскоўскі клюб гулялі бразыльцы, харваты ды іншыя «легіянэры», а сам гэты клюб належыць кампаніі «Сібнафта». Гэта значыць, што ЦСКА стаў такім самым клюбам, як і ўсе астатнія эўрапейскія клюбы, і выступае ён на міжнароднай арэне паводле агульных, рынкавых правілаў гульні. Можна лічыць гэтыя правілы несправядлівымі й ганарыцца сваёй «асаблівасьцю» ды «славянскасьцю». А таксама разьлічваць на апекаваньне дзяржавы. Але тады няма чаго разьлічваць на нешта ў эўракубках.

Урэшце, ці стала б зборная Францыі чэмпіёнам Эўропы й сьвету па футболе без «афраэўрапейцаў» Віера, Цюрама, Дэсаі? На рэфэрэндум у Францыі прыйдуць, сярод іншых, мільёны тамтэйшых футбольных заўзятараў. На гэты дзень яны маглі б узяць у якасьці лёзунгу пачатак Марсэльезы, крыху яго перарабіўшы: «Allons enfants de la Uniоn!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0