Месцамі выпала месячная норма ападкаў.
Моцныя дажджы былі адзначаныя 5 ліпеня ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях.
Як паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, у райцэнтры Ганцавічы Брэсцкай вобласці днём выпала 49 мм ападкаў пры месячнай норме па рэспубліцы ад 74 да 97 мм. Яшчэ больш ападкаў зафіксавана на метэастанцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці — 74 мм. У Шчучыне (Гродзенская вобласць) выпала 42 мм.
У астатніх рэгіёнах краіны ападкі не былі такімі інтэнсіўнымі. Напрыклад, у Стоўбцах (Мінская вобласць) выпала толькі 16 мм ападкаў.
6 ліпеня хваля дажджоў накрые рэшту тэрыторыі краіны. Ліць будзе аж да нядзелі. Увесь гэты час будзе трымацца халоднае надвор’е — усяго каля 15 градусаў цяпла.