7 чэрвеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэньня Вацлава Іваноўскага (1880—1943).

Літоўска-польскае тагачаснае памежжа абумовіла палітычныя і нацыянальныя прыярытэты сыноў Леанарда Іваноўскага. Юры стаў польскім палітыкам, дзеячам Польскай партыі сацыялістычнай. У 1918—1919 гг. — міністар прамысловасьці і гандлю, а затым працы і грамадзкага забесьпячэньня ў першых польскіх урадах.

Тадэвуш (Тадас) зьвязаў сябе зь літоўскім рухам і... арніталёгіяй. Выпускнік Сарбоны, ён з 1919 г. працаваў у дэпартамэнце земляробства Літвы, быў арганізатарам Ковенскага ўнівэрсытэту, дзе працаваў на пасадзе прафэсара аддзяленьня матэматычна-прыродазнаўчых навук. Пасьля 1945 г. — прафэсар Ковенскага і Віленскага ўнівэрсытэтаў, арганізатар і дырэктар Інстытуту біялёгіі Літоўскай акадэміі навук.

У адрозьненьне ад братоў Вацлаў пайшоў у беларускі рух, хоць пры канцы XIX ст. ніякай нацыянальнай арганізацыі не існавала. Іваноўскі і стаў ейным стваральнікам. Ён быў ня толькі рамантыкам, але і цьвярозым прагматыкам. Іваноўскі разумеў, што пачынаць нацыянальнае адраджэньне варта з падставовых рэчаў — выданьня кніг і газэтаў, папулярызацыі беларускай літаратуры, заснаваньня нацыянальнай партыі. Кантактаваць і супрацоўнічаць можна з кім заўгодна — палякамі, расейцамі, літоўцамі, немцамі, але галоўнае — беларускія прыярытэты.

І гэтай дзейнасьці Вацлаў Іваноўскі прысьвяціў ўсё жыцьцё — газэта «Свабода», выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца», фундатарства беларускіх праектаў і шмат іншага. Максім Гарэцкі назваў яго правадыром нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусьветнай вайной.

За часамі БНР В.Іваноўскі — міністар асьветы, падчас польска-савецкай вайны — рэктар Менскага пэдынстытуту. У палітыку ён вярнуўся толькі ўвосень 1941 г., калі заняў пасаду бурмістра Менску, спрабуючы паралельна арганізаваць антынямецкую Партыю беларускіх нацыяналістаў. У пачатку сьнежня 1943 г. быў забіты невядомымі тэрарыстамі. На пахаваньне Бацькі гораду сышоўся ўвесь ацалелы Менск.

У асобе Іваноўскага дзівіць адна рэч: як ён усё пасьпяваў. Бо, апроч адраджэнскай дзейнасьці, не забываўся і на навуку. Бліскучы хімік-тэхноляг, які, паводле сучасьнікаў, надзвычай захапляльна выкладаў свой прадмет. У 1909 г. абараніў доктарскую дысэртацыю пры Мюнхэнскім політэхнічным інстытуце, праводзіў досьледы над вырошчваньнем цукровых буракоў у Віленскай губэрні, стварыў першы беларускі падручнік па неарганічнай хіміі. У пачатку 1920-х Іваноўскі на дваццаць гадоў прыпыняе актыўную палітычную дзейнасьць і канцэнтруецца на выкладчыцкай дзейнасьці ў Варшаўскай палітэхніцы. За дваццаць год ён выхаваў многіх інжынэраў-тэхнолягаў для польскай прамысловасьці, гэтаксама грунтоўна, як у пачатку ХХ ст. гадаваў беларускіх адраджэнцаў.

Мала хто ведае, што ў Купалаўскім тэатры ідзе п’еса Іваноўскага. У праграмцы камэдыі «Ажаніцца не журыцца» пазначаны аўтары: Далецкія, М.Чарот. Паводле эміграцыйнага дасьледчыка У.Сядуры (Глыбіннага), за псэўданімам Далецкія якраз і хаваўся Вацлаў Іваноўскі.

Дарэчы, кніга Юр’я Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі» неўзабаве выйдзе па-беларуску асобным выданьнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0