Затрыманы аўтар мультфільмаў пра Лукашэнку. «На аўторак выклікаў тэлемайстра, раніцою — званок у дзьверы. «Хто?» — пытаю. «Тэлемайстар!» — у адказ. У кватэру зайшлі прадстаўнікі КДБ, паказаўшы пасьведчаньні, адразу з «панятымі». «Не баюся перасьледу, а вось да чаго маральна не падрыхтаваны, дык гэта да няшчаснага выпадку. Ці абвесьцяць «наркадылерам» або «гандляром зброі». Яны ж разумныя», — казаў у мінулым нумары «НН» Віктар Базукевіч, стваральнік палітычных LLL-мультфільмаў. У аўторак шэсьць супрацоўнікаў гарадзенскага ўпраўленьня КДБ уварваліся ў ягоную кватэру а 8-й раніцы.

Сканфіскавалі вінчэстэр, манітор, сканэр, клявіятуру, усе CD, дыскеты, нават нататнікі. Затрымалі і гаспадара кватэры. Пра гэта паведаміла Віктарава жонка. «Майго мужа абвіначваюць па артыкуле «паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта» (арт. 367, ч.1) і правялі ператрус. Калі яго вызваляць — невядома», — сухія радкі электроннага ліста, які я атрымаў удзень.

Падрабязнасьці расказаў Віктар увечары, калі яго адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. «Усё выйшла нечакана: на аўторак выклікаў тэлемайстра, раніцою — званок у дзьверы. «Хто?» — пытаю. «Тэлемайстар!» — у адказ. У кватэру зайшлі прадстаўнікі КДБ, паказаўшы пасьведчаньні, адразу са «сьведкамі». А ў мяне на экране манітора якраз сцэна з новай сэрыі «Мульт-клюбу», так што адпірацца не выпадала».

Аніматара, на абсягах Байнэту вядомага як Віктар Базукевіч, насамрэч завуць Алег. Каля шасьці гадзін яго трымалі на допыце ў КДБ. Рэспубліканская пракуратура завяла справу па артыкуле «зьнявага прэзыдэнта». У якасьці доказу будуць прадастаўлены 28 сэрый мультфільмаў, выкладзеныя на сайце www.mult.3dway.org, і асабістая перапіска Віктара/Алега.

На допыце Алегу сказалі, што яму мінімум «сьвеціць» «хімія». Максымум па гэтым артыкуле — чатыры гады пазбаўленьня волі. «Я ў шоку, але мяне не запужалі», — кажа хлопец. Сьледчы Валянцін Талочка ў тэлефоннай размове адмовіўся пацьвярджаць гэтую інфармацыю: «Я магу з вамі размаўляць тады, калі ўбачу вашае пасьведчаньне».

Той жа раніцай у Менску супрацоўнікі менскага ўпраўленьня КДБ завіталі на кватэрe да Паўла Марозава — каардынатара грамадзкай ініцыятывы «Трэці шлях». На яе сайце зьмяшчаюцца ўсе мультфільмы. Павал апавядае, што супрацоўнікі КДБ паказалі санкцыю пракурора Менскай вобласьці на вобшук кватэры, канфіскавалі ў яго сыстэмны блёк кампутара, усе дыскі і паперы ды выклікалі на допыт, які праводзіўся ў будынку менскага ўпраўленьня КДБ.

«Пыталі пра «Трэці шлях» і «Мульт-клюб», пра маё дачыненьне да гэтай справы. Я ім шчыра ўсё расказаў». Павал зацікавіўся мульт-праектам, як толькі ён зьявіўся, і ў кастрычніку 2004 г. прапанаваў яго стваральніку інтэрнэт-пляцоўку — сайт «Трэцяга шляху» — і тэхнічную падтрымку. «Але я ніколі ня бачыў гэтага Віктара, бо толькі перапісваўся зь ім. І мне не было чаго хаваць», — кажа Павал.

Ператрэсьлі і кватэру праграміста Андрэя Абозава, які сайт з мультамі абслугоўвае. Праграміста Андрэя прадчуваньне не пакідала зь вечара панядзелака, ён нават цьвёрды дыск са свайго кампутара зьняў, але не пасьпеў занесьці да знаёмых. Андрэй займаецца рамонтам кампутарнага абсталяваньня, і супрацоўнікі КДБ канфіскавалі 11 сыстэмных блёкаў.

«Сьмеху будзе, калі судзьдзя палічыць галоўную сьвіньню ў сэрыі «Ўлада сьвіней» прэзыдэнтам. Я ж пішу, што супадзеньні пэрсанажаў з рэальнымі асобамі выпадковыя», — жартаваў у тым самым апошнім лісьце Віктар. Калі ўлады яго пакараюць, то дадуць тым самым моцны штуршок да разьвіцьця беларускай флэш-анімацыі. «Мульты ўсё роўна будуць зьяўляцца, нават, калі іх будзе ня Віктар маляваць». У сераду быў вырублены сайт «Мульт-клюбу», але ў Байнэце ўжо некалькі чалавек заявілі, што працягнуць справу. Салідарнасьць зь беларускім аніматарам ужо выказалі яго польскія калегі і стваральнік украінскіх палітычных флэш-фільмаў Міхаіл Баркоўскі.

Першыя сэрыі сваіх флэш-фільмаў Віктар намаляваў пасьля заявы Лукашэнкі аб падаўжэньні сваіх паўнамоцтваў праз плебісцыт. За першыя ж два тыдні з дапамогай Інтэрнэту іх паглядзелі пад 10 000 чалавек. Героі мультфільмаў — найперш прэзыдэнт і яго каманда, журналісты дзяржаўных СМІ і некаторыя апазыцыйныя дзеячы. Парадзіруюцца праграмы «Контуры», «Посткрыптум», «Панарама». За год існаваньня праекту яго наведалі 170 000 чалавек. Выпуск мультфільмаў заплянаваны на відэа.

Элегантная перамога З 28-й сэрыі «Мульт-клюбу»

Мульты збудаваныя на сюжэтах наступнага кшталту:

Чалавек, падобны да прэзыдэнта, у сваім кабінэце гуляе ў настольны хакей: «Люблю гуляць сам з сабой!» Уваходзіць начальнік КДБ, і чалавек хуценька займае сваё працоўнае месца. Той дакладвае: «Мае хлопцы толькі што з Варшавы. Дзеці расейскіх дыпляматаў зьбіты. Скандал набывае абароты. Ваша заданьне выканалі».

— Вас не засяклі?

— Расейцы абвінавацілі ва ўсім палякаў.

— Выдатна, выпішы сваім хлопцам прэмію. Усё — ты вольны.

Камічны эфэкт ствараецца за кошт парадычнае перадачы мовы пэрсанажаў, гратэскавых малюнкаў і вясёлае музыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0