Экс‑кандыдат у прэзідэнты лідэр Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Казулін па‑ранейшаму мае праблемы са здароўем. Пра гэта БелаПАН паведаміла дачка палітыка Вольга, якая разам з сястрой Юліяй з 13 па 16 ліпеня знаходзілася ў калоніі «Віцьба‑3» на доўгатэрміновай сустрэчы з бацькам.

«Маральны стан у яго выдатны, ён аптымістычны, бадзёры і абсалютна спакойны, а вось фізічны — дастаткова цяжкі. Ён дагэтуль зведвае слабасць, санлівасць, з цяжкасцю займаецца з гантэлямі, а бегаць або гуляць у футбол усё яшчэ не можа: у яго адразу пачынаюцца болі ў пазваночніку, якія аддаюцца ў назе», — сказала Вольга.

Паводле яе слоў, зняволены дагэтуль знаходзіцца ў своеасаблівай інфармацыйнай блакадзе. «Тыя, хто з ім сустракаецца, практычна адразу ж пераводзяцца ў іншыя калоніі або іншыя месцы ўтрымання. Прычым гэта асабліва не ўтойваецца, самі зняволеныя кажуць: «Размаўляць з Казуліным небяспечна». Дайшло да таго, што бацьку банальна няма з кім згуляць у настольны тэніс», — паведаміла дачка палітыка.

А.Казулін пацвердзіў інфармацыю былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца аб бойцы, што адбылася ў калоніі ў студзені, зазначыла Вольга. Інфармацыя аб інцыдэнце з’явілася ў некаторых СМІ толькі ў канцы чэрвеня: на аслабелага ад працяглай галадоўкі А.Казуліна нібыта напаў афіцэр МУС і пачаў яго збіваць. «Спроба нанесці ўдар бацьку была, але ён паспеў ўхіліцца ад удару. Цяпер ён лічыць, што дарма гэта зрабіў, — можна было зняць пабоі. Але цяпер гэты інцыдэнт вычарпаны», — сказала дачка Казуліна.

Яна таксама паведаміла, што А.Казулін зрабіў шэраг палітычных заяў. «Іх трэба яшчэ апрацаваць, прывесці ў належны выгляд. У хуткім часе наша прэс‑служба зоймецца гэтым пытаннем, і мы будзем даносіць пункт гледжання нашага бацькі на палітычныя працэсы ў краіне да журналістаў і грамадства», — зазначыла Вольга.

Нагадаем, 13 ліпеня споўніўся роўна год з моманту вынясення прысуду А.Казуліну. Суд прыгаварыў яго да пазбаўлення волі на пяць з паловай гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0