Менск і Гамбург. Збудаваць паміж імі масты амаль немагчыма, калі яны і ўзнікаюць, то не там, дзе іх чакаюць, ды ўсё нейкія вяровачныя, здрадлівыя, часовыя... Такія хісткія, амаль уяўныя, яны пагойдваюцца над прорвай гісторыі — хутчэй ранішні міраж, чым надзейная апора. Канчаткова прачнуўшыся, у здаровым розуме на такія ўжо не ступіш. Але ў тумане зімовай раніцы, у ачмурэнні ад прачытанага ўчора іх раптам заўважаеш, і вось ужо ідзеш, упэўнена, як лунатык, на той бераг, быццам нехта паклікаў.

​​Вось жа, на станцыі Гольстэнштрасэ вісіць вялізная рэклама ніжняй бялізны. Сумны спецдзядзька ў спецадзеньні становіцца на свае спецдрабіны, мачае свой спецпэндзаль у спецклей і пачынае вадзіць ім па азадку азяблай прыгажуні, гіганцкі здымак якой так нахабна зазірае ў вокны цягнікоў. Збіраецца наклеіць паўзверх яе новую сяброўку снежня. Ён лашчыць пэндзлем адсырэлыя сцёгны... Хто ляжа на яе месца? Не, гэта будзе тэатральная афіша. У Гамбургу ідзе «Анатэўка» — мюзікл паводле твора Шолэм-Алейхема «Тэў’е-малочнік». І раптам туман радзее, мост проста перад табой, а на тым беразе ўжо шарэе Менск, Менск канца саракавых гадоў мінулага стагоддзя. З усімі ягонымі сумётамі і грузавікамі, з усімі ягонымі начамі і таямніцамі.

...Раніцай 13 студзеня 1948 году ў Менску на вуліцы Беларускай, недалёка ад яе перасячэння з Гарбарнай (цяпер Ульянаўская), мінакі пабачылі пры дарозе ў сумёце два трупы. Адзін з іх, як высветлілася ў той самы дзень, належаў літаратару Голубаву, другі — знакамітаму актору і рэжысёру Саламону Міхоэлсу. Паводле версіі ўладаў, уначы іх збіла машына. Што адбылося насамрэч, стала вядома пазней, калі ўлады змяніліся і на месца версіяў прыйшла праўда, ці паўпраўда — бо і ўлада ж ніколі не змяняецца да поўнае непазнавальнасці.

Міхоэлс прыехаў у Менск з Масквы 8 студзеня. Гэта была службовая паездка, ён меўся паглядзець два спектаклі, што прэтэндавалі на Сталінскую прэмію: 10-га «Заслонава» ў Расейскім тэатры, 11-га «Алесю» у Оперным. 9-га ён пайшоў у Беларускі дзяржаўны яўрэйскі тэатр на таго самага «Тэўе-малочніка» паводле Шолэм-Алейхема.

Таго самага Тэўе, які сказаў: «Ці ведаеце вы, што Бог на свеце ёсць? Я не кажу: ваш Бог, ці: мой Бог, я кажу пра таго нашага агульнага Бога, які сядзіць там наверсе і бачыць усе подласці, што робяцца тут, унізе!»

Тут, унізе, усё ішло паводле плану. «Я, відаць, хутка памру», — сказаў Міхоэлс у той дзень менскім знаёмым. Сказаў, яшчэ не ведаючы, што яму падрыхтаваная роля ахвяры ў іншым спектаклі — спецаперацыі па ліквідацыі амерыканскага шпіёна Міхоэлса, то бок яго самога. Кіраваў апэрацыяй генэрал МГБ Агальцоў. 12 студзеня ўвечары Міхоэлса і літаратара Голубава, які быў няштатным агентам МГБ, не падазраючы, які канец яму падрыхтаваны, завезлі на дачу Цанавы ў Сцяпянцы і раздушылі там коламі грузавіка. А потым выкінулі трупы на вуліцы Беларускай, недалёка ад гатэлю.

Тут, унізе. Менчукі не паверылі ў афіцыйную версію. У яе не паверылі ўжо самыя першыя экспэрты-медыкі, бо сляды на целах недвухсэнсоўна сведчылі пра забойства, а не пра выпадковы наезд. Пасля смерці Сталіна ўсё высветліцца. На жаргоне тых гадоў, сацыялістычная законнасць будзе адноўленая. Пацвердзіць версію забойства потым і Хрушчоў у сваіх мемуарах: «Міхоэлса тады забілі, а забойцаў узнагародзілі». А ўжо праз чатыры месяцы пасля забойства Міхоэлса будзе абвешчаная Дзяржава Ізраіль. Якую не так проста будзе раздушыць пад коламі грузавіка і выкінуць на сумёт гісторыі. Ці спіхнуць у мора.

​​Здавалася б, час мусіць няўхільна аддаляць гэтыя падзеі і зрабіць іх нарэшце гісторыяй. Тыя месцы ў Менску, якія звязаныя з гібельлю Міхоэлса, маглі б калі-небудзь зрабіцца турыстычнымі адметнасцямі. Або, на ўзор Гамбурга, тут мусілі б узнікнуць свае штольперштайнэ, камяні, аб якія павінна спатыкацца памяць бесклапотнага мінака: яны ўбудаваныя ў вулічны брук, і на кожным — імя замучанай некалі ў горадзе ахвяры... Каб кожны мог па сваім мосце дайсці да таго, сталінскага Менску і падумаць пра нешта сваё. Калі-небудзь такое стане магчымым, але не цяпер. Бо і сучасны Менск, у якім так цяжка аб нешта спатыкнуцца, за апошнія пятнаццаць гадоў некалькі разоў рабіўся месцам спецаперацый па ліквідацыі розных «варожых шпіёнаў». Якіх да гэтага часу ніхто не знайшоў — як і саміх выканаўцаў. Тут, унізе, дагэтуль знікаюць людзі, і іх не адшукваюць ні на Беларускай, ні на Гарбарнай, ні ў Сцяпянцы. Наогул, нідзе.

Затое усе ведаюць, дзе Нацыянальная бібліятэка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?