Выйшаў чарговы нумар альманаха-штогодніка «Запісы БІНІМ».

Гэты нумар літаратурны. У ім друкуюцца артыкул Макса Шчура «Адзін лёс і «дзве» літаратуры» пра Міхася Кавыля, Ціхан Чарнякевіч аналізуе ліставанне Антона Адамовіча і Міхася Кавыля; Лявон Юрэвіч падрыхтаваў да друку артыкулы дзеяча БНР Тамаша Грыба.

Друкуюцца таксама артыкулы пра Юрку Віцьбіча, Уладзіміра Сядуру, артыкул кампазітара Алеся Карповіча, пераклад гогалеўскага «Рэвізора» Антонам Адамовічам, які той зрабіў у гады нямецкай акупацыі.

Артыкулы: Норберта Рандава «Багдановіч па-нямецку (бібліяграфія)», «Максім Багдановіч на старонках газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус» ды інш.

***

Ад рэдакцыі

    Беларуская літаратура на эміграцыі стала бадай што першай тэмай, якой зацікавілася мэтраполія ў часе «адкрыцьця» для сябе прысутнасьці суайчыньнікаў на Захадзе. Публікацыяў на гэтую тэму багата, але дасёньня фэномэн літаратурнай творчасьці па-за бацькаўшчынай, літаратурны працэс і творцы на чужыне, а таксама іх сувязі зь Беларусьсю застаюцца дасьледаванымі даволі фрагмэнтарна. Многія эміграцыйныя літаратары пачыналі творчы шлях на радзіме, былі зьвязаныя з мэтрапольнай літаратурай, а ў іх архіўных зборах і творчасьці ёсьць шмат цікавага для беларускай культуры наогул.
    Менавіта таму тэмай сёлетніх «Запісаў» стала ўласна літаратура, ня толькі эміграцыйная, а беларуская цалкам. Тэксты літаратурнай тэматыкі публікуюцца ў розных разьдзелах нумару. Так, Макс Шчур і Ціхан Чарнякевіч у грунтоўных артыкулах з розных бакоў разглядаюць і рэпрэзэнтуюць творчасьць эміграцыйнага дзеяча Міхася Кавыля. Юрась Бабіч засяроджваецца на калярыстычнай лексыцы ў творах Натальлі Арсеньневай, Арнольд Макмілін вывучае літаратурныя дачыненьні Васіля Быкава й Рыгора Барадуліна.
    Зьвязаныя зь літаратурай і публікацыі архіваліяў, сярод якіх — тэксты Антона Адамовіча й Юркі Віцьбіча, прысьвечаныя зьнішчэньню пісьменьнікаў у міжваеннай Беларусі, датычны гэтай жа праблемы верш Зьмітра Віталіна ў публікацыі Віктара Жыбуля. Цікавыя таксама лісты Ларысы Геніюш да Натальлі Арсеньневай за 1944 г., якія прыадкрываюць нам асаблівасьці дачыненьняў дзьвюх паэтак, а таксама лісты Васіля Быкава да Зоры й Вітаўта Кіпеляў. Працягвае літаратурную тэму апісаньне Ціханам Чарнякевічам эпісталярнай спадчыны вядомага эміграцыйнага пісьменьніка Масея Сяднёва, частка архіву якога захоўваецца ў менскім БДАМЛіМе.
    Асобна варта адзначыць публікацыю беларускага перакладу знакамітай камэдыі Мікалая Гогаля «Рэвізор». Пераклад быў зроблены Антонам Адамовічам яшчэ ў 1943 г., але дагэтуль не друкаваўся й захоўваўся ў рукапісе ў архіве БІНіМу. Падрыхтаваны да друку Віялетай Кавалёвай, гэты тэкст публікуецца ўпершыню.
    У разьдзеле бібліяграфіяў — тэксты, таксама зьвязаныя зь беларускай літаратурай, а дакладней, адным зь яе клясыкаў Максімам Багдановічам, чый юбілей шырока адзначаўся сёлета. Своеасаблівым унёскам ва ўшанаваньне памяці паэта сталі бібліяграфія перакладаў ды прысьвечаных яму публікацыяў на нямецкай мове, зробленая беларусістам Норбэртам Рандавам, а таксама пералік прысьвечаных паэту тэкстаў на старонках эміграцыйных газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус», складзены Лявонам Юрэвічам. Апошняму належыць і публікацыя ў разьдзеле «Выданьні», датычная літаратурнага часопіса «Шыпшына», што выходзіў у 1947—1950 гг. У тэксьце прадстаўленае калярэдакцыйнае ліставаньне ды пададзены зьмест усіх выдадзеных і апошняга нявыдадзенага нумару пэрыёдыка.
    Літаратурная тэматыка вызначыла й зьмест разьдзелу «Музэй». Тут публікуюцца здымкі з архіваў Антона Адамовіча ды Юркі Віцьбіча, што датычаць беларускіх пісьменьнікаў даваеннага часу. Праўда, некаторыя здымкі са згаданых збораў выкарыстаныя ў гэтым нумары і як ілюстрацыі ўнутры асобных тэкстаў.
    Традыцыйна на старонках «Запісаў» публікуюцца тэксты, непасрэдна не зьвязаныя з тэмай нумару. Тут варта адзначыць своеасаблівы «праскі блёк», які складае публіцыстыка Тамаша Грыба, што плянуецца ў будучыні для выданьня асобнай кнігаю, а таксама публікацыя Макса Шчура, прысьвечаная прысутнасьці беларусікі на старонках праскага часопіса «Slovanský přehled» у 1925—1938 гг. Зь іншых пазыцыяў зьместу сёлетніх «Запісаў» варта адзначыць тэксты да гісторыі музыкі эміграцыйнага кампазытара й музыказнаўцы Алеся Карповіча, ліставаньне Юркі Віцьбіча адносна антыбальшавіцкіх паўстаньняў у Беларусі, а таксама дадаткі да ўспамінаў Франца Кушаля.
    Надзвычай багатым атрымаўся сёлетні кніжны агляд, у якім згадваюцца больш за два дзясяткі выданьняў, зьвязаных з замежжам тэматыкай або паходжаньнем. Сабраныя ў гэтым нумары «Запісаў» публікацыі дэманструюць цікавыя падыходы ў дасьледаваньні літаратуры, рэпрэзэнтуюць новыя, раней не друкаваныя крыніцы, даюць зацікаўленым і навукоўцам новыя карысныя зьвесткі (бібліяграфіі, апісаньні архіваў) для вывучэньня беларускай літаратуры.

***

    «Запісы БІНІМ (Беларускага інстытута навукі і мастацтва» былі заснаваныя ў 1952 г. у ЗША. Першыя шэсць тамоў выйшлі ў 1952—1954 гг. у Нью-Ёрку, наступныя пяць — у Мюнхене (1962–1960), З 12 па 24-ты выдаваліся ўНью-Ёрку (1974–1999). Ад 2001 г. (№ 25) «Запісы БІНІМ» — сумесны мінска-ньюёрскі праект.

Дзе:: «Кніжны салон» (Мінск, Калініна, 5), Кнігарня «Логвінаў» (Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а), knihi.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0