«Спрадвечны Бог, які некалі на Сынайскай гары даў Майсею закон, сёння з’яўляецца як дзіцятка; і, згодна з законам, Творца закону выконвае закон, прыносіцца ў святыню і даецца старому» (Ліцця свята Стрэчання).

Сёння беларускія каталікі візантыйскага абраду адзначаюць свята Сустрэчы Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, таксама вядомае як Стрэчанне Гасподняе.

Гэтае двунадзясятае свята засноўваецца на падзеі з жыцця Ісуса Хрыста, запісанай святым евангелістам Лукой (2, 22–40). Па Майсеевым Законе на саракавы дзень пасля нараджэння дзіцяці яго маці магла ўпершыню прыйсці ў храм і прынесці ахвяру ачышчэння. Акрамя таго, на саракавы дзень над першародным хлопчыкам адбываўся абрад ахвяравання Богу і яго адкуплення.

Па прынясенні немаўляткі Ісуса ў храм адбываецца сустрэча Божага Дзіцяці і яго Усячыстай Маці з праведным Сямёнам, якому было адкрыта Святым Духам, што ён не пабачыць смерці, пакуль перш не пабачыць Хрыста Госпада. Сёння кожную вячэрню Усходняя Царква завяршае велічнай малітвай праведнага старога: «Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, святло для прасвятлення народаў і славу Ізраіля, люду Твайго».

Свята Стрэчання Гасподняга ўпершыню пачало адзначацца ў другой палове IV стагоддзя ў Ерусаліме, але цвёрда замацавалася ў літургічных календарах Усходняй і Заходняй Цэркваў недзе ў VI стагоддзі. У заходняй традыцыі яно вядомае як свята Ахвяравання Пана, ці Грамніцы, і мае параўнальна меншы статус у літургічным календары.

І ва ўсходняй, і ў заходняй традыцыі ў гэты дзень у цэрквах асвячаюцца свечкі, якія называюць «грамнічнымі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?