Кадр з камеры назірання.

Кадр з камеры назірання.

Актывісты грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) устанавілі ў Брэсце камеру ў гняздзе рэдкай для Беларусі птушкі — пустальгі. Анлайн-трансляцыю з гнязда можна назіраць на сайце birdwatch.by.

Як паведамляюць у АПБ, падчас трансляцыі любы ахвотны зможа пазнаёміцца з жыццём дзікіх птушак — убачыць працэс з’яўлення птушанят, іх першыя дні жыцця і першыя палёты. Летась, паводле звестак арганізацыі, трансляцыю з гнязда пустальгі прагледзелі карыстальнікі з 106 краін.

Пустальга — рэдкі для Беларусі від драпежных птушак, занесены ў Чырвоную кнігу. Яны гняздуюцца, як правіла, у дзікай прыродзе, але ў апошнія дзесяцігоддзі вучоныя адзначаюць павелічэнне колькасці птушак, якія гняздуюцца ў гарадах, асабліва ў заходняй частцы краіны. Найбольшая колькасць пустальгі адзначана ў Брэсце (больш чым 50 пар) і Гродне (больш чым 25 пар). Харчуецца гэтая птушка дробнымі грызунамі, насякомымі і невялікімі птушкамі, палюе на адкрытых тэрыторыях, нават у гарадах.

Анлайн-назіранне за пустальгой — міжнародны праект, які чацвёрты год запар праводзяць Гродзенскае і Брэсцкае абласныя аддзленні АПБ сумесна са Шведскім арніталагічным таварыствам, польскім таварыствам «Сокал» і беларускай кампаніяй Microinform. Тэхнічную падтрымку трансляцыі забяспечваюць брэсцкі правайдэр Elnet і польскі сайт www.ourbroadcast.eu.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?