У склад грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі, першае пасяджэнне якога адбудзецца 28 чэрвеня, уваходзіць 21 чалавек. Гэта прадстаўнікі мастацтва, культуры, рэлігіі, юрыспрудэнцыі, прамысловасці, сацыяльнай працы, медыцыны, спорту, СМІ, парламентарыі, паведамілі БелаПАН у міліцэйскім ведамстве.

Сярод тых, хто згадзіўся на грамадскіх пачатках увайсці ў склад савета, — гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Палякоў, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, загадчыца кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Дарафеева, мастацкі кіраўнік цэнтра па падрыхтоўцы таленавітай моладзі імя У.Мулявіна Святлана Стацэнка, дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Мікалай Шчокін, намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», былы камандуючы ўнутранымі войскамі Валерый Гайдукевіч, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода БПЦ протаіерэй айцец Фёдар Поўны, аліміпійская чэмпіёнка, суддзя і трэнер па мастацкай гімнастыцы, кіраўнік дзіцячай школы свайго імя і камісіі «Жанчыны і спорт» у Выканкаме НАК, член прэзідыума цэнтральнага савета БФСТ «Дынама» Марына Лобач, дырэктар завода «Палімір» ААТ «Нафтан» Алег Жэбін, гендырэктар ААТ «Беларуськалій» Валерый Кірыенка, кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзько, галоўны рэдактар установы Адміністрацыі прэзідэнта «Рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч.

Грамадскі савет пры МУС заснаваны 26 сакавіка 2013 года пастановай міністэрства № 115.

На першым пасяджэнні грамадскага савета плануецца абраць старшыню, яго намесніка і сакратара, абмеркаваць пытанні арганізацыі планавання і справаводства. Прысутным будзе даведзена інфармацыя пра 100-гадовы юбілей МУС, які мае адбыцца ў 2017 годзе, маніторынг ступені даверу насельніцтва міліцыі, праблемныя пытанні ў дзейнасці яе падраздзяленняў і службаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?