Адказваючы яму,
Ісус спытаўся:
чаго ты хочаш ад Мяне?

Марка 10:51

Доўгі званок. Пранізлівы. Патрабавальны. Такі ж самы, як на
пад’ём ці праверку. Пачынаюць грукаць дзверы на першым і другім паверхах, тупат ног па калідорах, шоргат на лесвіцы.

— Віктарына?..

У актавай зале, якую дзяжурка дагэтуль імянуе ленкомнатай,
дзе ў любым кутку цябе гіпнатызуе партрэт Рыгоравіча і ў кратах граюць блікі сонца, прасеянага скрозь лісце, хлопцы ды мужыкі рассаджваюцца на патройных секцыях складных савецкіх крэслаў і заціхаюць.

— Хто з герояў Бібліі сядзеў у турме?

— Назавіце самую светлую кнігу святога Пісьма.

— Ісус, укрыжаваны, крычыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму ты
Мяне пакінуў?.. А сапраўды, чаму?

З сёлетняй вясны ў спецкамендатуры нумар сем адбываюцца
біблійныя сустрэчы. Двойчы на месяц у ня­дзелю, сярод дня або пад вечар прыязджаюць браты з евангельскіх цэркваў.

Брат Мікалай — баптыст, колішні гарманіст, чарнобыльскі ліквідатар; пахаваў сваіх набрынялых радыяцыяй таварышаў, а сам застаўся жывы, каб сведчыць пра Хрыста; перапісваецца з шасцю пажыццёва зняволенымі; піша вершы, у тым ліку і па­беларуску; прапаведуе і грае на акардэоне.

Яшчэ адзін брат — Мікалай, але ўжо пяцідзясятнік, высокі, з
высакародным абліччам, снежнай сівізной і пякучымі вачыма, што за саветамі цярпеў за веру — глыбокім барытонам спявае псалмы.

Брат Слава, той самы, што працаваў і сведчыў у нас на складзе запчастак — чытае Біблію і тлумачыць: проста, ясна, робіць паўзы, каб дайшло.

Мая справа — біблійная віктарына напрыканцы.

— Колькі разоў Ісус перамяняўся?

— На якіх мовах у Пружанах чытаецца ўголас Евангелле?

— Пакажыце, дзе шукаць Валадарства Нябеснае?

Прызы пераможцам за слушныя адказы адмысловыя. Акрамя, само сабою, кніг ды паштовак з евангельскімі цытатамі, цукерак ды сокаў — шарык для пінг­понга, улюбёнай гульні каменды; дэфіцытная лямпачка (калі ў пакоі перагарэла — цішком выкручваюць, натуральна, у кухні або прыбіральні, і робіцца цёмна ўсім); шасцілітровік чыстай пітной вады — бо тутэйшую, іржавую, толькі фільтраваць.

Пытанні трэба падабраць так, каб адказ трапляў у сэрца.
Біблія Сёмухі — па­беларуску, але затрымкі з адказам дзеля перакладу ў думках у хлопцаў ужо няма. Форма не напружвае, засталося галоўнае: сутнасць.

А сутнасць простая. Хочаш збавіцца? Хочаш жыць вечна? Хочаш на неба?

Маўчыць каменда. На пытанні адказвае, на малітву дружна ўстае, але маўчыць.

Куплін — зусім не Малое Сітна. Евангелізацыя вакол спецкамендатуры аж віруе. Абавязкова прыязджае айцец Ігар з пружанскай Спаса­Праабражэнскай царквы, распавядае пра веру ды ставіць фільмы.

Наш айцец Сяргей з Новых Засімавічаў пераконвае цверазець. Мінскі аўтапрабег «Беларусь для Хрыста» з канцэртам… Хрысціянскія працоўныя атрады, маладзёны, што дапамагаюць цэрквам будавацца і парадкаваць гаспадарку…

Евангельскі гурт «Добрая вестка» з бусам гукавой апаратуры, песняроўскім шматгалоссем і дачкой саліста, якая акампаніруе
бацьку на некалькіх інструментах… Берасцейскі ксёндз з парафіянінам­падлеткам, які спявае хрысціянскі рэп…

Пастар мінскай «Царквы Ісуса Хрыста» дасылае евангельскую газету «Колокол», кнігі пра першыя крокі ў веры і ацаленне ад залежнасцяў. А вось і вядомы бард Аляксандр Чарпакоў, якога тутэйшыя бандыты памятаюць як Чарпака, увесь у наколках, распавядае пра сваё навяртанне басам мацёрага уркі — вернік у законе з хрыплаватымі спевам пра грэх і нябёсы ды пяшчотнымі вачыма.

Гэта ўсё Ён. Задае табе пытанне штодня — каб цярпліва,
усё жыццё, чакаць адказу.

— Назавіце доказы ўваскрасення Хрыста.

— Што значыць «Амінь»? А «Алілуя»?

— Чаму Ісус выбраў у апосталы Юду?

Ці пакідаюць па сабе гэтыя пытальнікі хоць якую кропку ў галовах асуджаных за аліменты, крадзяжы, хуліганкі, дарожна­транспартныя здарэнні і цяжкія цялесныя пашкоджанні?   Беларус — чалавек глыбокі, маўчыць.

Прарыў пакуль адзін — пакаянні па п’яні.

Пасля працы, калі ў дзяжурцы ўжо ўнюхалі, далі небараку дыхнуць «у трубачку» і аформілі парушэнне рэжыму ўтрымання, сёй­той заходзіцьс да мяне. «Наруха» — справа сур’ёзная, раз­два — і зона, таму развагі адразу бурляць за жыццё.

— Паша, можна паінцерасавацца?

Мнуцца. Пачынаюць здалёк. Блытаюцца. Надсілу, сцяўшы зубы, наракаюць ды выціскаюць з сябе прызнанні. Спавядаюцца. Да спазмаў у горле каўтаюць крыўду — і раптам зрываюцца на рыданні.

— Бог жа ёсць, Паш… Ёсць!

Назаўтра ўжо глядзяць міма. Сорамна.

Сэрца зачынена — раздражнёна, з грукатам.

А ў нядзелю прыходзяць у актавую залу зноў. Слухаюць. Так і
чуеш, як варушыцца ў душах, як хоча кожны нешта спытацца ў Бога сам. І мучыцца.

І стукаецца ў сэрца Творца.

І вісіць у актавай зале пад пільным позіркам Рыгоравіча немае пытанне, нібы дым у курылцы.

Чаму, чаму беларуса, хрысціянскую душу, цярплівую, пакорлівую і глыбокую, што ные, заходзіцца адчаем і трымае, сцяўшы зубы, да апошняга, трэба так доўга і так настойліва ўгаворваць не таіцца, не баяцца, а проста ціха адказаць Богу?..

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру