Трылогія шведскага пісьменніка Стыга Ларсана «Міленіум» («Дзяўчына з татуіроўкай дракона», «Дзяўчына, якая гуляла з агнём» і «Дзяўчына, якая ўзрывала паветраныя замкі») атрымае працяг.

Давід Лагеркранц, stockholmskallan.se

Давід Лагеркранц, stockholmskallan.se

Пра гэта паведамляе Bookseller. Чацвёрты раман серыі напіша Давід Лагеркранц са Швецыі, аўтар біяграфіі футбаліста Златана Ібрагімавіча «Я — Златан».

Як будзе называцца новая кніга, пакуль не паведамляецца.

У Швецыі кніга выйдзе ў выдавецтве Norstedts, дзе былі апублікаваныя папярэднія тры раманы, на англійскай мове яе выдасць Quercus Publishing. Публікацыя запланавана на жнівень 2015 г - у дзесяцігадовы юбілей першага выдання «Дзяўчыны з татуіроўкай дракона».

Шведскі пісьменнік, журналіст і грамадскі дзеяч Стыг Ларсан, які памёр у 2004 годзе, перад смерцю пачаў працу над чацвёртай кнігай серыі. Усімі матэрыяламі пісьменніка цяпер валодае яго грамадзянская жонка Ева Габрыэльсан. У 2011 годзе яна заяўляла, што плануе скончыць чацвёрты раман сама.

У трылогіі Ларсана «Міленіум» распавядаецца пра журналіста-дэтэктыва Мікаэля Блумквіста і дзяўчыну-хакера Лісбет Саландэр, якія разам расследуюць чараду дзіўных забойстваў. Трылогія, згодна з планам пісьменніка, у далейшым павінна была пашырыцца да 10 кніг.

Серыя кніг пра Лісбет Саландэр атрымала папулярнасць ужо пасля смерці пісьменніка.

Яе сумарны наклад перавысіў 60 мільёнаў асобнікаў, яна была перакладзеная на дзясяткі моў і атрымала шэраг кніжных прэмій. У 2009 годзе ўсе тры раманы былі экранізаваныя ў Швецыі. У 2011 годзе выйшаў фільм «Дзяўчына з татуіроўкай дракона», які зняў Дэвід Фінчэр. Галоўныя ролі ў ім выканалі Дэніэл Крэйг і Руні Мара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0