Святкаванне Дня Мовы ў Малдове, moldovenii.md

Шатландцы, каталонцы, фландрыйцы — усе гэтыя нацыі прагнуць незалежнасці і спадзяюцца на прызнанне іх суверэнітэту суседзямі. Рух за ўтварэнне новых краін разгортваецца па Еўропе і ставіць пад пагрозу існаванне цяперашніх межаў.

Адваротны працэс назіраецца толькі ў адной кропцы кантынента. У Малдове ўсё часцей гучаць галасы ахвотных далучыцца да Румыніі.

Як называецца мова?

Месяц таму канстытуцыйны суд Малдовы прыняў рашэнне: дзяржаўная мова краіны цяпер называецца румынская. Аднак гэта не рэвалюцыйная змена, а вырашэнне юрыдычнага казусу. У дэкларацыі аб незалежнасці Малдовы, прынятай у 1991-м, дзяржаўную мову назвалі «румынскай», а ў Канстытуцыі 1994-га — «малдаўскай».

Дык як правільна? Малдаване не называюць ні адзін, ні другі варыянт, а карыстаюцца словамі «дзяржаўная мова», які супрацьстаўляецца рускай ці англійскай. Але, напрыклад, прадмет у школах і ўніверсітэтах называецца «румынская мова».

Супольная гісторыя

Каб зразумець асаблівасці ўзаемаадносінаў краін, варта зрабіць невялікі экскурс у гісторыю.

Малдаўскае княства, якое аб’ядноўвала часткі цяперашніх Малдовы і Румыніі, існавала з сярэдзіны XIV да сярэдзіны XIX стагоддзяў, калі аб’ядналася з Валахіяй у адзіную Румынію.

Малдаўская ССР на цяперашняй тэрыторыі ўтварылася ў выніку падпісання Пакта Молатава-Рыбентропа, таму Румынія дагэтуль адмаўляецца ад дэмаркацыі мяжы з Малдовай.

На савецкі час прыпадае і фарміраванне літаратурнай малдаўскай мовы. Яе галоўнае адрозненне ад румынскай было ў кірылічным алфавіце (адмененым у 1989). Цяперашняя розніца між мовамі заключаецца хіба што ў некалькіх сотнях дыялектных словаў.

Зрэшты, Акадэмія навук Малдовы на ўсялякі выпадак выдала «Малдаўска-румынскі слоўнік», куды ўключыла словы, якімі карысталася насельніцтва ў XIV-XV стагоддзі. Затое астатняя лексіка ад румынскай не адрозніваецца.

Што рабіць з Прыднястроўем?

Рух за аб’яднанне краінаў быў актыўны на пачатку 1990-х, у ім асабліва шчыравала нацыянальная малдаўская інтэлігенцыя. Але з цягам часу сфарміраваліся палітычныя эліты, якія не маюць жадання дзяліцца сваім уплывам з румынамі. Аднак камуністы небяспеку аб’яднання бачаць дагэтуль.

«Еўрасаюз заахвочвае Малдову і Румынію да стварэння ўнітарнай дзяржавы ці хаця б федэрацыі. Мы ведаем, што гэтая дыпламатычная гульня ідзе ўжо даўно. Але прыхільнікі знішчэння незалежнасці Малдовы не ўлічваюць, што ў такім выпадку мы канчаткова згубім Прыднястроўе! А гэта 500 тысяч «нашых» людзей — тыя самыя малдаване, з якімі нас штучна падзялілі ў пачатку 1990-х», — кажа прадстаўнік кампартыі Аляксандр Новікаў.

Аднак малдаване з праеўрапейскім светапоглядам не бачаць сэнсу да апошняга трымацца за Прыднястроўе.

«Навошта яно нам? Ад Прыднястроўя адныя праблемы: і крымінальнікі, і транзіт наркотыкаў. Мяжа Прыднястроўя з Украінай — прахадны двор. А церпіць ад гэтага Малдова, — абураецца менеджар прыватнай энергетычнай кампаніі Іон Рудэй. — Апошнія чатыры гады яны не плацяць Расіі за газ. Зусім! Іх доўг ужо дасягнуў $4 мільярдаў. Прыднястроўе кажа, што сетка газаправодаў у нас супольная, таму і доўг супольны. Але хто бу-дзе плаціць?»

Прыднястроўе як незалежную дзяржаву прызналі толькі такія ж гаротныя Абхазія, Паўднёвая Асеція і Нагорны Карабах. Нават Расія дыпламатычна прамаўчала на просьбы прыднястроўцаў. Выехаць куды б ні было з пашпартам грамадзяніна Прыднястроўя немагчыма, і тамтэйшыя жыхары «ў запас» трымаюць малдаўскае і расійскае ці ўкраінскае грамадзянства.

Чарга на клятву Румыніі

Прыднястроўцы «выкарыс-тоўваюць» малдаўскія пашпарты, а многія малдаване імкнуцца атрымаць румынскія дакументы. Калі Румынія ўступала ў Еўрасаюз, больш за 100 тысяч малдаванаў аформіла сабе дадатковае грамадзянства, каб бесперашкодна трапіць на еўрапейскі рынак працы. Усяго ж за часы незалежнасці прашэнні аб атрыманні пашпарта падавалі больш за 450 тысяч малдаванаў.

Працэдура атрымання румынскага грамадзянства максімальна спрошчаная. Аднесці ў консульства патрэбныя дакументы (пашпарт, дакументы аб прапісцы, даведку аб адсутнасці судзімасцяў) прынесці клятву на вернасць Румыніі — і новы грамадзянін гатовы.

Чарга з ахвотных стаіць каля румынскага консульства ў Кішынёве і іншых малдаўскіх гарадах пастаянна. «Калі вы прыносіце клятву на вернасці Румыніі, вы не адчуваеце, што адракаецеся Малдовы?» — асцярожна пытаюся ў 30-гадовага мужчыны з чаргі. «А што такое Малдова? 200 даляраў у месяц, пакуль ад голаду не падохнеш? — нервова перапытвае ён. — Чым такая дзяржава, хай ніякай не будзе. Навошта нам тая незалежнасць?»

 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру