Дэмакратыя — гэта зусім не «ўлада народа» і не тое, «лепшага за што чалавецтва не прыдумала». Пакінем словы, якія ў рэальным жыцці мала што значаць. Прынамсі сёння, калі нашмат больш зразумела гучыць выслоўе Гамсахурдзіі: «Дэмакратыя — гэта вам не лобіо кушаць!» У тым сэнсе, што дэмакратыя — гэта не здабытак, не грошы на рахунку, а штодзённае выпрабаванне — на праўду.

Колькі міністраў і прэзідэнтаў склалі свае палітычныя галовы ў гэтым бескампрамісным баі! Схлусіў — сыходзь. Чыноўнік не мае права падманваць. Згадайце гісторыю Клінтана і Монікі Лявінскі. З-за чаго разгарэўся шум на ўвесь свет? Не з-за кантактаў Прэзідэнта і практыканткі, а з-за таго, што Клінтан публічна сказаў няпраўду. У чым пасля публічна і прызнаўся.

Беларуская дэмакратыя яшчэ зусім малая, нібы немаўля. Таму выпадкі публічнай хлусні чыноўніка, як правіла, успрымаюцца ў нас паблажліва, як лепет. Маўляў, што не зляціць з дзіцячых вуснаў. А потым, няма ў нас ніякіх механізмаў выкрыцця чыноўніцкага падману. І ад таго, што я раскажу вам гэтую гісторыю, ніхто нават не пачырванее. Таму даруйце мне марна страчаную на чытанне хвіліну, але на скрыжалях гісторыі мы гэты выпадак пакінем — як навуку для тых беларускіх міністраў, што будуць выслаўляцца некалі пасля, ужо пры развітай беларускай дэмакратыі. Назва для прыклада ў адпаведным падручніку напрошваецца сама: «Формула Радзькоў — Лявінскі».

Надоечы міністр адукацыі Радзькоў выступаў перад Палатай прадстаўнікоў нацыянальнага сходу. Ён прадстаўляў законапраект «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» і сказаў літаральна наступнае:

«У некаторых выпадках праблемы адзінства беларускай мовы набываюць палітычнае адценне, нават імкненне да вяртання дарэформеннага правапісу. Гэты закон стане дзейсным сродкам спынення практыкі непрадуманага і па сутнасці супрацьзаконнага ўжывання ў перыёдыцы так званай «тарашкевіцы».

«Тарашкевіца», якой у беларускім варыянце гісторыі Клінтана выпала роля Монікі Лявінскі, — гэта правапіс беларускай мовы, які ўжываўся ў БССР да 1933 года. У 33-м гэты правапіс пастановаю Савета народных камісараў памянялі на іншы — «з мэтай спрашчэння і набліжэння» беларускай мовы да расійскай. Заадно ў Мінскай турме былі расстраляныя ўсе мовазнаўцы, якія выступалі супраць такога закону.

Натуральна, з падзеннем камунізму на хвалі дэмакратызацыі новыя беларускія перыядычныя выданні вярнуліся да «рэпрэсаванага» правапісу. І цяпер у беларускай мове ёсць два правапісы — афіцыйны і «тарашкевіца». І ў кожнага ёсць свае апалагеты.

Сітуацыя не задавальняе ніводзін з бакоў. Усе хацелі б адзінства. Толькі прыхільнікі «тарашкевіцы» заклікаюць да адзінства праз шырокае абмеркаванне, а чыноўнікі імкнуцца заканадаўча прыдушыць усіх нязгодных. Самы яркі эпізод такога гвалту здарыўся ў 1998 годзе, калі міністр Падгайны «наехаў» на газету «Наша Ніва». І быў суд — Вышэйшы гаспадарчы. Былі дэбаты. І суд пастанавіў, што ў прынцыпе не судзейская гэта справа —мовазнаўчыя тонкасці, а таму права «Нашай Нівы» пісаць дарэформенным правапісам — законнае.

Болей гэтае рашэнне суда ніхто не аспрэчваў. Гэта значыць, што ў міністра Радзькова на трыбуне парламента не было ніякіх падставаў казаць, што выкарыстанне «тарашкевіцы» — супрацьзаконнае.

Але міністр сказаў. Можна толькі ўявіць сабе, што ў такім выпадку пачалося б у краінах развітай дэмакратыі...

Але беларуская дэмакратыя яшчэ зусім малая, каб зважаць на такія рэчы. Хоць, згадзіцеся, сказаць, што прадмет абмеркавання супрацьзаконны — значыць, ужо адмысловым чынам настроіць дэпутатаў і паўплываць на іх працу, якая цяпер можа пайсці не ў праўдзівым, а ў фальшывым рэчышчы. І тут адно чапляецца да другога. У выніку з’явіцца новы закон, які будзе неадэкватна трактаваць рэчаіснасць, а следам уступяць у дзеянне праваахоўныя органы, якія за няправільна ўжытае пераднаціскное «я» змогуць пасадзіць якога-небудзь небараку на суткі ці нават на «хімію»...

А цяпер скажыце — каму гэта ўсё трэба? Грамадству? Міліцыі? Судам?

І самае галоўнае. Ці паспрыяе такі закон нашаму ўсебеларускаму моўнаму адзінству, праблему якога, нібыта, вырашаў на трыбуне парламента Радзькоў? Хутчэй за ўсё, апалагеты «тарашкевіцы» зашыюцца ў глухую апазыцыю і будуць працягваць друкаваць сваю перыёдыку і кнігі падпольна, але ад гэтага ў мазгах беларускамоўнай і школьнай публікі не стане менш разнабою, блытаніны і непісьменнасці.

Можа быць, каб не павялічваць гэтага ўсеагульнага разладу, спадару Радзькову — у інтарэсах нашай агульнай Радзімы — варта было б публічна прызнаць няпраўду? Так, як гэта зрабіў Біл Клінтан?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?