Андрэй Клімаў

Жонка палітвязьня Андрэя Клімава Тацяна на сёньняшняй прэс‑канфэрэнцыі заявіла, што апошні тыдзень яна ня можа атрымаць лістоў ад мужа і ня ведае, ці даходзяць яе пасланьні.

«Я тэлефанавала ў Мазырскую калёнію, дзе мне паведамілі, што Андрэй амаль штодня накіроўвае мне лісты, але дзіўным чынам яны мне не даходзяць. Апошнюю вестку ад мужа я атрымала амаль два тыдні таму, калі Андрэй яшчэ знаходзіўся ў карантыне калёніі. Ён напісаў мне літаральна наступнае: «Я трапіў у пекла. Мне застаецца дажыць да панядзелка, каб убачыць пекла ва ўсёй яго велічы». Пасьля гэтага ніякіх вестак болей не было. Андрэй не падпадае пад амністыю, я ўвогуле сумняюся, што яго вызваляць. Мая задача сёньня, зьвяртаючы ўвагу міжнароднай супольнасьці на лёс Клімава, захаваць мужу жыцьцё. Пытаньне цяпер стаіць менавіта так», — сказала Тацяна Клімава.

Нагадаем, што Андрэй Клімаў быў затрыманы сёлета 3 красавіка за публікацыі ў інтэрнэце. Суд, які праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, абвінаваціў палітыка ў парушэньні двух артыкулаў крымінальнага кодэксу «Заклікі да зьвяржэньня дзейснага ладу», а таксама «Абраза прэзыдэнта». Клімаў быў асуджаны да двух гадоў зьняволеньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?