Як паведамлялася, кіраўнікі трох расійскіх тэлекампаній заклікалі тэрарыстаў так званай «Луганскай народнай рэспублікі» адпусціць з палону журналістаў «Громадське ТВ».

І тыя пагадзіліся. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

«Мы іх, вядома, выпусцім. Яны нам не патрэбныя. Але ім прыйдзецца з'ехаць дадому, паколькі на тэрыторыі ЛНР гэтыя журналісты працавалі без акрэдытацыі», — заявіў агенцтву т.зв. «прэм'ер ЛНР» Васіль Нікіцін.

Ён сказаў, што да ўсіх журналістаў, якія працуюць у Луганскай вобласці, прад'яўляюцца адзіныя патрабаванні: аформіць акрэдытацыю ў «ЛНР» і выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны.

У той жа час, кіраўнік украінскай групы па вызваленні журналістаў, дэпутат Юры Стэць паведаміў, што з гэтай справай усё складана, да спецаперацыі прыцягнутыя ўсе сілавыя ведамствы.

Раней адзін з лідэраў тэрарыстаў Болатаў абвінаваціў журналістку Станко і аператара Бескаравайнага ў «шпіянажы на карысць украінскіх уладаў» і заявіў пра намер правесці следства, пасля чаго вынесці рашэнне пра іх далейшы лёс.

А «кіраўнік прэс-службы ЛНР» Уладзімір Инагародскіх заявіў, што ў рэгіёне да Станко і Бескаравайного будуць ставіцца як да дыверсантаў.

«Яны ўжо не журналісты, яны ўжо ваеннапалонныя шпіёны, і таму стаўленне да іх будзе не як да журналістаў, а як да дыверсантаў», — заявіў ён у сераду ў Луганску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?