Еўрасаюз не мае намеру прымаць новых членаў на працягу бліжэйшых пяці гадоў, заявіў у аўторак абраны кіраўнік Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер.
«У бліжэйшыя пяць гадоў пашырэння не будзе», — сказаў ён, выступаючы ў Еўрапарламенце.
На думку Юнкера, «Еўрасаюзу неабходна зрабіць паўзу ў працэсе пашырэння для таго, каб кансалідаваць намаганні наяўных 28 членаў».
Тым не менш, выбраны старшыня ЕК адзначыў, што Еўрасаюз не мае намеру спыняць перамовы аб уступленні ў яго склад шэрагу краін, у асаблівасці балканскіх, якія «маюць патрэбу ў еўрапейскай перспектыве».
Акрамя таго, Юнкер выказаўся за ўмацаванне партнёрскіх адносін з краінамі, якія мяжуюць з ЕС на ўсходзе, у прыватнасці Малдовай і Украінай.
Разам з тым, ён заявіў аб неабходнасці ўмацаваць прысутнасць Еўрасаюза на міжнароднай арэне ў якасці незалежнага гульца, адзначыўшы пры гэтым, што часцяком кіраўнікі МЗС краін-членаў «чыняць перашкоды» самастойнай дзейнасці ЕС.
«Мы не можам заставацца здаволенымі нашай цяперашняй знешняй палітыкай», — падкрэсліў Юнкер.
Раней у аўторак дэпутаты еўрапейскага парламента на пленарнай сесіі ў Страсбургу таемным галасаваннем абралі былога прэм'ер-міністра Люксембурга Юнкера старшынёй Еўрапейскай камісіі.





