![]() |
Большасць сяброў дысцыплінарнай камісіі, у якую ўваходзіць рэктар Полацкага дзяржунівэрсітэту і ўсе ягоныя намеснікі, выказалася аб немэтазгоднасці далейшага навучання ў ВНУ актывісткі «Маладога фронту» Кацярыны Салаўёвай. Аднак адлічаць студэнтку адміністрацыя ўстановы пакуль не рашылася — маладафронтаўцы было прапанавана самой забраць дакументы з навучальнай установы.
Сама Кацярына Салаўёва ўпэўнена ў палітычным характары дзеянняў камісіі.
‑ Сабралася ўся «англійская» кафедра, і пры іх рэктарат вырашаў, ці мэтазгодна мне працягваць навучанне. Да мяне прыдзіраюцца — яны нават гэтага не хаваюць — праз маю палітычную дзейнасць.
Нагадаем, што Кацярына Салаўёва ўжо некалькі дзён праходзіць падазраванай па крымінальнай справе аб здзяйсненні ў горадзе палітычных графіці. Яна была затрыманая міліцыянтамі ў ноч на аўторак, а ў сераду ў студэнцкім інтэрнаце, дзе жыве дзяўчына, супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бяспекі быў праведзены ператрус.





