Сваімі намесьнікамі абраны сёньня старшынём партыі Лявон Баршчэўскі прапанаваў Вінцука Вячорку, Віктара Івашкевіча, Уладзімера Лабковіча, Сяргея Мальчыка ды Аляксея Янукевіча. Шэраг дэлегатаў прапанаваў на пасады намесьнікаў старшыні кандыдатуры Алеся Міхалевіча, Ігара Лялькова ды Юрася Губарэвіча.

У выніку галасаваньня першым намесьнікам, намесьнікам у міжнародных справах абралі Вінцука Вячорку. На гэтую пасаду ён балятаваўся безальтэрнатыўна.

Намесьнікам у справах рэгіянальнай палітыкі стаў Юрась Губарэвіч, які перамог Сяргея Мальчыка.

Намесьнікам старшыні ў справах інфармацыйна-ідэалягічнай працы абралі Аляксея Янукевіча. Саступіў яму прапанаваны дэлегатамі сходу Ігар Лялькоў.

Віктар Івашкевіч зоймецца арганізацый палітычных кампаніяў і працай з мэтавымі групамі. Як і Вячорка, ён балятаваўся безальтэрнатыўна. Партыйнае будаўніцтва і сувязь з палітычнымі суб’ектамі ачоліць Алесь Міхалевіч. Ён перамог Уладзімера Лабковіча, прапанаванага Лявонам Баршчэўскім.

Новаабраны старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі пракамэнтаваў вынікі галасаваньня: «Будзем працаваць разам, і там пабачым. Калі будуць выконваць усе тыя абавязкі, якія на іх ускладзеныя... Калі не, то ніхто не забараняе нам склікаць датэрміновы зьезд і паставіць пытаньне пра адмену паўнамоцтваў. Тое самае і па старшыні: калі я ня буду спраўляцца, то таксама папрашу датэрміновы зьезд і датэрміновае складаньне паўнамоцтваў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?