30 снежня з Беларусі можна было свабодна адкрыць сайты Хартыі-97, Навіны.бай і Gazetaby.com.
Беларускі партызан заставаўся заблакаваны. Як і UDF.by. Увайсці на іх можна было толькі праз Оперу Турба, ананімайзеры і г.д.
Незалежныя сайты трапілі пад блакаванне 19—21 снежня, у часе дэвальвацыі. Афіцыйна пра забарону на доступ не паведамлялі.
Аднак, як кажа прымаўка, «хіцер Зміцер, а і Саўка не дурны». У ролі Саўкі ў дадзеным выпадку выступілі заблакаваныя сайты і іх чытачы.
Анлайнер у той жа дзень пераадчыніўся на дамэне Onliner.ru.
Журналісты «Хартыі» навучыліся часта мяняць DNS сайтаў, у выніку чаго заблакаваныя рэсурсы адчыняліся і ў Беларусі.
А чытачы лёгка асвоілі няхітрыя спосабы адчыняць іншыя забаненыя парталы. Напрыклад, адным клікам мышкі ўключаюць у браўзеры «Опера» рэжым турба.
Як паказвалі інтэрнэт-лічыльнікі, наведванасць заблакаваных сайтаў знізіліся, але з тэндэнцыяй да аднаўлення ранейшых пазіцый па меры асваення аўдыторыяй альтэрнатыўных спосабаў доступу. Найбольшыя страты панёс Анлайнер. Гэты камерцыйны рэсурс згубіў каля 60% наведнікаў.