Увечары міліцыя затрымала студэнта‑выдатніка, другі раз адлічанага з Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны.

Зьміцер выправіўся ў банк на вуліцу Чырвонаармейскую, каб атрымаць налічаную пасьля аднаўленьня ва ўнівэрсытэце стыпэндыю. Тут яго й перастрэлі міліцыянты спэцпрызначэньня.

Моладзевага актывіста даставілі ў апорны міліцэйскі пункт на вуліцы Чырвонаармейскай, дзе абвінавацілі ў тым, што ён нібыта скраў нейкія грошы.

На дапамогу прыехала маці, якая й паведаміла пра чарговую правакацыю ў дачыненьні да яе сына.

Пасьля паўторнага адлічэньня з унівэрсытэту Зьміцер апошнія дні нікуды не выходзіў з прычыны дрэннага самаадчуваньня.

Заўтра раніцаю ён павінен на позву прыйсьці ў гарадзкі ваенкамат, дзе будзе канчаткова вырашацца пытаньне аб яго прызыве ў войска.

Раней на прызыўной камісіі Жалезьнічэнка заявіў, што хоча служыць у вайсковай часьці, дзе загады аддаюць па‑беларуску. І сёньня ж моладзевы актывіст накіраваў заяву ў Канстытуцыйны суд з просьбай разгледзець на адпаведнасьць Канстытуцыі палажэньні Закону «Аб агульнай вайсковай павіннасьці і вайсковай службе», згодна зь якімі ў салдатаў тэрміновай службы няма права карыстацца па ўласным выбары нацыянальнай (беларускай) мовай.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0