Беларусь у аднабаковым парадку зьнізіла кошт візаў для грамадзян Летувы, Латвіі, Эстоніі й Польшчы. Пра гэта паведаміў журналістам прэс‑сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў.

Кошт аднаразовай уязной візы ў Беларусь для грамадзян згаданых дзяржаў складзе 25 эўра, аднаразовай транзытнай — 10 эўра, шматаразовай гадавой — 150 эўра. За дадатковую аплату ў памеры 25 эўра візы будуць афармляцца ў тэрміновым парадку.

Беларусь захоўвае спрошчаны парадак афармленьня візаў для грамадзянаў усёй Шэнгенскай зоны. Як і раней, дзелавыя й гасьцявыя візы тэрмінам дзеяньня да 30 дзён будуць выдавацца без запрашэньня, а тэрмін разгляду запытаў не павінен перавышаць 5 дзён.

Паводле Андрэя Папова, Беларусь яшчэ раз пацьвярджае падрыхтаванасьць весьці дыялёг з Эўрапейскім Зьвязам у пытаньнях спрашчэньня візавых працэдураў.

«Мы заклікаем нашых эўрапейскіх партнэраў адмовіцца ад выкарыстаньня візаў у якасьці абмежаваньня ўзаемных кантактаў грамадзянаў і прыняць неабходныя крокі для забесьпячэньня права грамадзянаў на свабоднае перамяшчэньне», — зазначыў прэс‑сакратар МЗС Беларусі.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0