Ці часта хтосьці з вас у штодзённым жыцьці задумваецца над тым, як трэба казаць: канцлер ці канцлерка Ангела Мэркэль, міністар ці міністарка, прафэсар ці прафэсарка? Доўгі час пытаньне фэмінізацыі — выкарыстаньня жаночай формы асабовых назоўнікаў — замоўчвалася. Зараз усё часьцей у Эўропе і ў Беларусі таксама дасьледчыкі ўздымаюць гэтую тэму.

Дыскусія на гэтую тэму адбылася нядаўна ў Менску. На мінулым тыдні Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў у Менску зарганізаваў сэмінар пад назвай «Мова й пол». Акрамя таго прайшла дыскусія, прысьвечаная пытаньням, якія зьвязаны з актуальным станам і праблемамі выкарыстаньня жаночых формаў асабовых назоўнікаў у нямецкай, беларускай ды іншых роднасных мовах. Кажучы па‑навуковаму, размова ішла пра «фэмінізацыю мовы» ў мовазнаўчай, літаратуразнаўчай й этналягічнай пэрспэктывах. Больш падрабязна пра гэтую дыскусію ды пра сытуацыю з фэмінізацыяй назваў пасадаў, прафэсіяў у беларускай мове мы размаўляем з адным з удзельнікаў сэмінару, культуролягам Уладзіславам Івановым.

Сэмінар быў арганізаваны з дапамогай Інстытуту нямецкіх дасьледаваньняў у Менску. Арганізатарка гэтага праекту й сэмінару ‑‑ лінгвістка й перакладчыцца Ірына Герасімовіч. Дзякуючы ёй усе зацікаўленыя — немцы й беларусы — змаглі сабрацца й паразмаўляць пра фэмінізацыю назваў пасадаў, прафэсіяў і пэўных іншых катэгорыяў.

Чаму вы зацікавіліся гэтай тэмай?

Тэма вельмі актуальная. У Беларусі ўжо шмат гадоў праводзяцца дасьледаваньні па гэтым пытаньні. У беларускай мове існуюць два стандарты: «наркамаўка» й «тарашкевіца». Калі разглядаць гэтыя стандарты на прыкладзе газэтаў «Зьвязда» й «Наша Ніва», то мы бачым прынцыповае адрозьненьне ў пытаньні ўжываньня жаночых назваў пасадаў. «Зьвязда» ніколі не фэмінізуе альбо зрэдчас, тады як газэта «Наша Ніва» фэмінізуе амаль усе назвы пасадаў і прафэсіяў. Гэтае адрозьненьне ўразіла дасьледчыкаў, і мы вырашылі патлумачыць, чаму такое адрозьненьне склалася ў беларускай мове.

Чаму склалася такая сытуацыя?

У прынцыпе, прычынаў шмат. Асноўная прычына — дамінаваньне расейскай мовы. Як вядома, «наркамаўка» трапіла пад вельмі моцны ўплыў расейскай мовы цягам 20‑га стагодзьдзя, калі нормы беларускай мовы былі набліжаныя да расейскай. Як вядома, у расейскай мове пытаньне фэмінізацыйі пасадаў нават не паўстае. Калі паўстае, то тлумачыцца спэцыфікай гутарковай мовы, але не зьяўляецца літаратурнай нормай. Тады як у беларускай клясычнай мове — «тарашкевіцы» — усё наадварот. Фэмінізацыя назваў пасадаў — гэта літаратурная норма.

Паводле ініцыятаркі й арганізатаркі гэтага сэмінару, зварот да гэтай тэмы — гэта сьвядомы выбар. Пытаньне фэмінізацыі мовы рэдка прысутнічае на афіцыйным узроўні і ў рамках традыцыйнай адукацыі. Спроба агучыць гэтую тэму — гэта жаданьне паўплываць і зьмяніць сытуацыю, — мяркуе лінгвістка Ірына Герасімовіч.

Хацелася закрануць пытаньне, якое ня часта разглядалася ў межах традыцыйнай адукацыі. Тады як тэма існуе й праблема існуе. Маю тут на ўвазе вельмі практычныя моманты: якую форму слова ўжываць, калі пішацца афіцыйны ліст. Такія пытаньні вельмі рэдка закранаюцца.

Што значыць фэмінізацыя мовы?

Гэта значыць, як на моўным узроўні адлюстроўваецца тое, што пазыцыя жанчыны ў грамадзтве зьмяняецца. У беларускай мове насамрэч добрая сытуацыя, таму што на ўзроўні дыялектаў ёсьць вельмі багаты патэнцыял, зь якога можна чэрпаць формы словаў і потым ужываць у літаратурнай мове. Але, на жаль, у афіцыйным моўным ўжытку гэтыя дыскусіі не існуюць. Самы яскравы прыклад на цяперашні час — гэта сытуацыя зь нямецкай канцлеркай. Хто яна: канцлер Германіі альбо канцлерка Германіі? У традыцыі «тарашкевіцы» абсалютна нармальна казаць канцлерка Германіі, але ў афіцыйным беларускіх СМІ мы бачым канцлера Германіі Ангелу Мэркэль. Больш за тое, мы маем дачыненьне з моўнымі формамі, якія ўсё яшчэ не сфармаваліся, яны паўстаюць. Менавіта таму гэтая тэма мяне зацікавіла. Гэта тое, на што можна ўплываць, калі мы нешта вэрбалізуем, прагаворваем, шукаем розных варыянтаў.

Далейшай фэмінізацыі беларускай мовы спрыяе наяўнасьць багатага моўнага матэрыялу, пашырэньне ўжываньня жаночых формаў у літаратурнай мове ды інтарэс мовазнаўцаў і лінгвістаў.

Юры Ліхтаровіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру