16 лютага, у Дзень беларускай салідарнасьці, у Маскве адбыўся пікет каля пасольства РБ.

Ля беларускай амбасады сабралася каля 40 чалавек. У пікеце ўдзельнічалі дэмакратычныя актывісты, беларусы з расейскай дыяспары, а таксама прадстаўнікі арганізацыяў і рухаў: "Ініцыятыва"(Беларусь), «Свабодныя радыкалы», "Абарона", Маскоўская праваабарончая група, моладзевае «Яблоко». Мэта пікету - прыцягнуць увагу грамадзтва да сыстэматычных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і выразіць салідарнасьць беларускім палітвязьням і іх родным.

Пікет атрымаўся актыўным і гучным. Удзельнікі скандавалі лозунгі: "Жыве Беларусь!", "Свабоду палітвязьням!", "Спросим этих чудаков - почему сидит Сдвижков", "Беларусь не слышит нас: Лукашенко - … ты не прав", "Свабоду Андрэю Кіму!" ды шмат іншых. Акрамя скандаваньня лёзунгаў, пікетчыкі сьпявалі песеньку, якую самі і прыдумалі: "Кім ня паліць, Кім ня п'е, Кім даішнікаў ня б'е..." Для Андрэя Кіма ўдзельнікі акцыі падпісвалі віншавальныя паштоўкі (ў Андрэя хутка дзень народзінаў, які ён, па рашэньню пракуратуры, правядзе ў СІЗА).

Ў рукох пікетчыкаў былі партрэты Андрэя Кіма, Аляксандра Зьдзьвіжкова і Аляксандра Казуліна, плакаты з надпісамі "Андрэй Кім - новы палітвязень", "На свабодзе Клімаў. Цяпер чакаем Кіма" ды іншыя. Над пікетам лунаў нацыянальны сьцяг Беларусі і сьцяг з гербам Менску. Прысутнічалі журналісты расейскіх і замежных СМІ.

Падчас пікету з'явіліся прадстаўнікі пракрамлёўскіх малодзевых груповак. Як паведаміла "Нашай Ніве" ўдзельніца пікету Валянціна Чубарава, "група "нашыстаў" напала на пікетчыкаў. Яны гвалтоўна забралі ўлёткі пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, ўжылі балёнчыкі з газам. Пасьля гэтага "румолаўцы" пачалі скандаваць "Оранжевый дурман - валі за океан". Аднак тут умяшаліся маскоўскія міліцыянты, якія затрымалі шасьцёх "нашыстаў" і адвезьлі ў бліжэйшы пастарунак."

Пікет пачаўся ў 14-00 і доўжыўся гадзіну. Ніхто з удзельнікаў ня быў затрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?