«Мяне ўвесь час пытаюць, навошта я вярнуўся, — кажа 31-гадовы Аляксей Жадзееў, які два гады таму пераехаў з Бостана ў Беларусь, дзе нарадзіўся і жыў да 13 год. — А я кажу: добра там, дзе я».

Чаму вярнуўся, чым Менск лепшы за Бостан і чаму беларусы не сябруюць без карысьці — Свабода пагутарыла зь вяртанцам.

Перад ад’ездам пайшоў ляпіць сьнегавіка — думаў, больш не пабачу сьнегу

Я нарадзіўся ў Менску. Мой бацька быў праграмістам і атрымаў працу ў Бостане. Праз паўгода мы з маці і дзьвюма сёстрамі пераехалі да яго ў Норвуд — прыгарад Бостана.

Я знайшоў на мапе Бостан і вызначыў, што гэта цёплы поўдзень. За тыдзень да ад’езду зьляпіў сьнегавіка. Думаў, гэта будзе апошні сьнег у маім жыцьці.

Але ў штаце Масачусэтс сьнегу хапала. Узімку там вельмі халодныя вятры і завірухі. Калі дзьме з акіяну і тэмпэратура ўсяго мінус 7 градусаў, адчуваньне, як у нас у мінус 20.

У амэрыканскай школе па прыезьдзе мне было вучыцца лёгка. Ангельскую я ведаў, бо вучыўся ў Менску ў школе з моўным ухілам. А сама праграма для мяне была залёгкая. Напэўна, трэба было ісьці ў клясу, вышэйшую на адзін год. Таму першыя паўтара года я ўвогуле амаль нічога не рабіў: хатняе заданьне мог зрабіць яшчэ на ўроку.

І хоць потым пачаліся складанасьці — у амэрыканскай школе вывучаюць матаналіз, статыстыку — у старэйшых клясах я звычайна быў у «прасунутых» (па ўзроўнях клясы падзяляюцца на стандартны, каледжаўскі і прасунуты — advanced). Некаторыя курсы са школы мне потым нават залічылі як унівэрсытэцкія, што дазволіла зэканоміць грошай на вучобе.

Гэта ў Беларусі 30% студэнтаў ВНУ — бюджэтнікі. У Амэрыцы такіх 1%. Так, ёсьць стыпэндыі, якія цалкам ці часткова пакрываюць праграму навучаньня, але ўсё адно давядзецца плаціць. Асабліва за прыватныя ВНУ. А мой штат з гэтага жыве, і адукацыя там вельмі дарагая. 

Бацькі купіліся на мае трызьненьні, і ў 17 год я займеў машыну

Мой бацька — праграміст, і ягоны заробак быў вышэйшы за сярэдні ў ЗША. Але ж на ўзьбярэжжы людзі лепш жывуць, і па мерках узьбярэжжа мы жылі небагата. Бацькі не маглі мне даць ні капейкі.

Таму я працаваў. Як і большасьць амэрыканскіх школьнікаў, пачаў у 16 год. Пачынаў касірам у краме. Нейкі час быў адначасова на дзьвюх працах: ратавальнікам на пляжы і мэнэджэрам у краме продажу тэлефонаў.

У гэты час я набыў сваю першую машыну. Калі быць больш дакладным, першую машыну мне набылі бацькі. Яны купіліся на мае падлеткавыя трызьненьні. Маўляў, я не пасьпяваю са школы на трэніроўкі. Але я загубіў яе за тры месяцы. Мне тады было 17 год.

На наступны год я назьбіраў на «міцубісі экліпс». Каб набыць гэтую спартовую машыну, працаваў цэлае лета па 80 гадзін на тыдзень. Для іміджу гэта было няблага, але на кішэні дрэнна адбілася. На гэтай машыне я назьбіраў вельмі шмат штрафаў за перавышэньне хуткасьці.

Але і тады, і цяпер кіраваў я ня вельмі добра. Таму за стырно, асабліва ў Менску, сядаю рэдка: тут цябе ўвесь час падразаюць на дарогах.

Вучыўся я ў Паўночна-Ўсходнім унівэрсытэце (Northeastern Universіty) на спэцыяльнасьці «Міжнародны бізнэс і фінансы». Гэта ня Гарвард, аднак унівэрсытэт уваходзіць у 50 лепшых у Амэрыцы — з агульнага ліку 10 тысяч. Ён прыватны, і вучыцца там нашмат даражэй, чым у дзяржаўным. У ЗША праводзіцца маркетынгавая кампанія, скіраваная на падлеткаў: абітурыентам кажуць, што чым больш прэстыжная ВНУ будзе ў цябе, тым большы будзеш мець заробак пасьля вучобы, будзеш мець больш магчымасьцяў. Я пайшоў у іх на павадку, хоць можна было б выбраць і таньнейшы ўнівэрсытэт.

Каб зразумець, наколькі дарагая адукацыя ў ЗША, я скажу, што адны падручнікі мне каштавалі 300–400 даляраў кожны сэмэстар. Плюс — кошт навучаньня, пражываньня. На апошняе я шмат не патраціў, бо жыў у бацькоў — за 25 км ад унівэрсытэту.

За пяць гадоў сваёй вучобы я заплаціў 20 тысяч са сваёй кішэні. Гэта немалая сума для студэнта. Каб зарабіць гэтыя грошы па-за вучобай, даводзілася працаваць на дзьвюх працах.

Скончыў унівэрсытэт у 2007 годзе. Адразу трапіў у кансалтынгавую кампанію на пасаду аналітыка. Потым стаў вядучым аналітыкам па рынках Усходняй Эўропы і Расеі. Плюс — курыраваў Гішпанію, бо ведаў гішпанскую мову і праходзіў там стажыроўку.

У Беларусі вырашыў стаць праграмістам, а не чыноўнікам

 

Потым у майго бацькі выявілі пухліну мозгу. Некаторы час я даглядаў яго, пляны наконт магістратуры давялося адкласьці. А потым бацька памёр. Ён хацеў быць пахаваным у Беларусі. Гэта адна з прычынаў, чаму я тут

Увогуле, не магу сказаць, што я сюды вярнуўся. Я так доўга ня жыў у Беларусі — большую частку свайго жыцьця, — што, можна сказаць, я адначасова і вярнуўся, і іміграваў у Беларусь.

Больш за тое, культурна я не асацыюю сябе зь беларусамі ці расейцамі. Гэтаксама як і амэрыканцам сябе не лічу. І Беларусь, і ЗША — занадта кансэрватыўныя краіны. Як чалавек, выгадаваны ў 1990-я, я больш схільны да свабоды. А таму цяпер вельмі перажываю за Ўкраіну. Спадзяюся, у іх усталюецца лібэральнае грамадзтва.

Калі я ляцеў у Беларусь, я ўжо ведаў, чым буду займацца. Буйных фінансавых кампаніяў тут няма, ад дзяржаўнай працы я адмовіўся. З маёй адукацыяй і рэзюмэ мяне запрашалі на дзяржаўную працу. Але я вырашыў атрымаць другую адукацыю — праграміста на курсах пры БДУІРы.

Я раней ужо крыху праграмаваў, працаваў у айцішных падразьдзяленьнях. Каб навучыцца прафэсіі, мне давялося шмат працаваць. Наняў рэпэтытара па С++. Саміх курсаў не хапала, але добра, што там расказвалі, што трэба вучыць.

Цяпер працую праграмістам і вяду перамовы з новым працадаўцам. Таксама спрабую займацца сваімі праектамі — гэта рэчы з выхадам у інтэрнэт. Штосьці кшталту разумных бытавых прыбораў, падлучаных да інтэрнэту, ці адзежы, у якую ўсталяваныя сэнсары, падлучаныя да інтэрнэту. Таксама зьбіраю каманду для праекту эканоміі часу. Гэтую задачу сёньня ўжо можна аўтаматызаваць.

Не разумею, як стасавацца зь людзьмі

Па сутнасьці, Беларусь для мяне была новай краінай. Нешта ўзгадвалася, але быццам я гэта бачыў у сьне. Я ж тут ня жыў 16 гадоў. За гэты час бываў тут двойчы, і то на вельмі кароткі тэрмін.

Самым складаным для мяне было прызвычаіцца да стасункаў між людзьмі. Вось у Амэрыцы ўсё проста: табе нешта трэба, і ты пра гэта кажаш. А тут людзі табе ня кажуць, што ім трэба. І даволі складана даведацца, чаго яны ад цябе хочуць. І гэта ня толькі на працы. Паўсюль вельмі шмат падазронасьці, людзі чакаюць падводных камянёў і ня кажуць адразу, што ім трэба. Быццам бы чакаюць, што іх могуць падмануць.

Таксама беларусы вельмі карысьлівыя. Проста так тут не заводзяць стасункаў з новымі людзьмі. Ім нешта трэба ад цябе, тады яны табой цікавяцца.

Яшчэ я заўважаю герархічнасьць у грамадзтве. Вось я хаджу на лацінскія танцы. У Амэрыцы на танцы ходзяць, каб расслабіцца, адпачыць. Тут жа заўжды ёсьць некалькі майстроў, майстэрству якіх зайздросьцяць астатнія. Кожны намагаецца танцаваць як мага лепш, а гэта стварае стрэсавую атмасфэру. Людзям патрэбна прызнаньне.

На жаль, вельмі мала тут проста размоваў дзеля размоваў. На гэта ў людзей бракуе часу. У Штатах — справа справай, але людзям гэта не замінае проста так стасавацца між сабой.

Мяне таксама зьдзіўляе, наколькі няўпэўненыя ў сабе людзі. Яны нават не спрабуюць штосьці зрабіць, але ўжо кажуць, што гэта немагчыма. Яны ня могуць працаваць без начальніка, знаходзяць апраўданьні сваёй пасіўнасьці. У кагосьці гэта палітычны рэжым, у кагосьці — лянота. Але ж калі чалавеку замінае рэжым, хай ён пачне рабіць сваю справу, а потым зарэгіструе фірму на Кіпры. Але ж не. Яны выдумаюць сто прычынаў, чаму гэта нельга зрабіць. 

Сваякі думалі, што калі я вярнуўся з Амэрыкі, значыць — шпіён

 

Мяне ўвесь час пытаюць, чаму я вярнуўся. Напачатку многія, у тым ліку мае блізкія, лічылі мяне шпіёнам. Некаторыя дагэтуль так думаюць. Але я ня звык выконваць нечыя загады, каб быць шпіёнам.

Справа ў тым, што пасьля таго, як я страціў бацьку, жывучы ў адзіноце, я ўсьведамляў, што пачынаю губляць сваю ідэнтычнасьць. Жыць самому па сабе было вельмі цяжка, хоць пачуцьцё адзіноты находзіць на мяне і тут. Але, у кожным разе, быць бліжэй да магілы бацькі і бабулі для мяне было ня толькі сэнтымэнтальна, але і лягічна.

І яшчэ ніводнага разу я ня ставіў пад сумнеў свой намер прыехаць у Беларусь. Я прыняў рашэньне, за якое адказваю, і кропка.

Што мне падабаецца ў Беларусі? Пасьля Масачусэтсу я тут пабачыў вельмі прыгожую і даступную прыроду. У Амэрыцы ў нас быў адзін добры сэзон — восень. Астатні час надвор’е ня вельмі. Дажджы, слота, вясны ўвогуле няма: вось ідзе сьнег, потым — дажджы, потым — летняя сьпёка. У параўнаньні з Масачусэтсам у Беларусі вельмі яснае неба.

Ці, напрыклад, каб пакатацца на прыродзе на конях, тут ня трэба далёка ехаць. Шчыльнасьць насельніцтва на Ўсходнім узьбярэжжы ад Бостана да Вашынгтона — як у Кітаі. Складана знайсьці месцы, дзе ты можаш гуляць па прыродзе і пры гэтым не сустрэць людзей, як гэта магчыма ў Беларусі. Ад Бостана да бязьлюдных мясьцінаў трэба ад’ехаць як мінімум кілямэтраў 100 на поўнач ці захад.

Калі б людзі яшчэ не баяліся брацца за справу. Ня ведаю, на якім этапе ад гэтага мяне адвучылі. Можа, у спорце.

Калі я займаўся бегам, трэнэры данесьлі да мяне важную рэч — у жыцьці трэба канкурыраваць. Ты бяжыш, і табе баліць. Але ведай, іншаму чалавеку таксама баліць. І хто з вас першы здасца, той і прайграў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?