15 ліпеня памёр беларускі рэстаўратар Сяргей Друшчыц.

Фактычна — чалавек-эпоха, які кіраваў ледзь не ўсімі самымі важнымі нацыянальнымі рэстаўрацыйнымі праектамі. З ім спрачаліся. Рэстаўрацыя наогул надзвычай канфліктагенная дзейнасць. Але фактычна гэта ён быў адным са стваральнікаў самога асяродка беларускіх рэстаўратараў.

Я сустрэўся з ім напрыканцы мінулага верасня, каб узяць інтэрв’ю для даследавання сацыяльнага патэнцыялу праграмы «Замкі Беларусі». Чалавек з неймавернай энергетыкай. Як аказалася, гэта было ледзь не апошняе яго інтэрв’ю. Прапаную фрагменты гутаркі.

Рэстаўратары і ўлада

Мая асабістая задача па жыцці — рабіць рэстаўрацыю ў рэальных умовах.

Я прыйшоў сюды, калі скончыў універсітэт, мяне размеркавалі ў «Белдзяржпраект». Пасадзілі спачатку на праектаванне буйнапанэльных дамоў. Балкончыкі маляваў і дастаткова хутка адтуль сышоў. Нават працоўную кніжку не забраў. А потым так атрымалася, што была створана рэстаўрацыйная арганізацыя. Спачатку гэта быў проста гурток аматараў, але мы сталі на ногі. Мелі кантакты з усімі суседзямі — не толькі па СССР…

Складвалася па-рознаму. Найгоршыя гады — так званых пераменаў, дзевяностыя, калі частка маіх былых супрацоўнікаў (я даволі рана стаў кіраўніком) прыйшла да ўлады. І яны знішчылі тое, што я трыццаць гадоў ствараў. Па-заліхвацку, гучна, пакінуўшы руіны. Пачынаць нанова давялося з нуля…

Калісьці мяне ледзь не выгналі з працы за дамок Ваньковіча. Мы распрацавалі дакументацыю, і ўжо фундамент быў. У гэты час таленавіты архітэктар Левін у «Мінскпраекце» запраектаваў рэканструкцыю часткі горада з праменаднай лесвіцай да Свіслачы, пачынаючы ад «саркафага» (гэта Палац Рэспублікі) і да самай ракі. Дом Ваньковічаў ім, натуральна, перашкаджаў [раней гэтую задуму прыпісвалі архітэктару Грыгор'еву, а не Левіну. — Рэд.]. Сакратаром тады быў Машэраў. Я, як кіраўнік «Белрэстаўрацыі», мог з ім сустрэцца. Ён наогул быў даступны чалавек. Мы паспрабавалі яго пераконваць, а ён перадаручыў праблему спецыялістам. Мяне выклікалі на Бюро ЦК і прад’явілі прэтэнзію, што я няправільна раблю рэстаўрацыю дома Ваньковічаў. Я ж па маладосці ўпёрся, пачаў даказваць. Спачатку хацелі даць проста вымову. Скончылася строгай вымовай з занясеннем ва ўліковую картку. Потым праз год яе знялі. Не ведаю, ці звязана, але ў мяне пасля быў інфаркт. А што вы хочаце? Мой дзядзька — адзін з заснавальнікаў Інбелкульта, Васіль Данілавіч, расстраляны, хутчэй за ўсё ў Курапатах. Таму такое трапяткое стаўленне было нават да вымоваў…

Рэстаўрацыя — гэта гаспадарчая галіна

Рэстаўрацыя — гэта мастацтва ці навука? Глядзіце, рэстаўрацыя з лаціны — гэта ж аднаўленне, папаўненне. Я б сказаў, што гэта філасофія мыслення, у поўным сэнсе слова. Са мной недзе дзве з паловай тысячы чалавек працавалі па Беларусі, і калі я бачыў абыякавае стаўленне — адразу звальняў людзей. Хаця і крыўдзіліся. Але я ўпэўнены, што яны няздатныя для нашай работы. Нават просты муляр — калі не мае стаўлення свайго да руіны, ён не ўгледзіць нюансаў.

У Нясвіжы бачна было адразу, які аб’ём работы чакае. Першае, што мы зрабілі — ільготны набор у ВНУ і вучэльні нясвіжскіх школьнікаў. У Інстытут культуры, у БНТУ. Гэта сярэдзіна 90-х, каб яны вярнуліся і працягнулі працу. Шмат хто і цяпер працуе ў Нясвіжы, хаця не ўсе.

У нас людзі ў Рым ездзяць на павышэнне кваліфікацыі, не таму што там нейкія звышведы атрымліваюць, але для іх гэта лад жыцця. Так, на працах у Нясвіжы некаторыя майстры маглі 3—4 тыс. еўра зарабляць. Хоць гэта не стабільны заробак. Набылі машыны, хтосьці нават жыллё ў Мінску, і — гэта шчасце. Але для нашай прафесіі гэта наогул неўласціва…

Што галоўнае ў рэстаўрацыі?

У рэстаўрацыі тры галоўныя словы — захаваць усё сапраўднае. Захаваць аўтэнтыку — гэта методыка. І далей ужо пытанне тэхналогіі, магчымасцяў. Калі няма магчымасцяў, лепш адкласці пытанне, аддаць яго нашчадкам. Але ў гэтым вельмі няпроста пераканаць тых, хто мае ўладу. Калі ўжо пачалі працы ў Нясвіжы, на мяне пачалі ціснуць. З цяжкасцю ўдалося дабіцца, каб на другім паверсе арсенала не рабілі рэканструкцыі, хоць мы нават і ведалі, што там было. Зрабілі выставачную залу — нармальны прыём…

У Наваградку мы забілі болей за 100 сваяў, каб зрабіць пляцоўку, узмацніць грунт, бо пад замкам крыніцы. Бо вежа больш за 100 гадоў была ў аварыйным стане і пры любой непагодзе магла абрынуцца. Ну нам патрэбная ж прыгожая руіна! А тое, што там пад ёй пляцоўка з маналіта ўжо цяпер, вельмі складаная канструкцыя, з металічнымі паясамі — на гэта наўрад ці нехта зверне ўвагу…

У Наваградку функцыю аб’екта вызначаў я, але не таму што проста захацелася. Я паглядзеў аналагі такіх замкаў: Меднікі, Дубінкі, Чэрск, яшчэ шэраг. Што кансервацыя патрэбная — няма пытанняў! Мусіць быць трывалая руіна, гэта таксама зразумела, бо вобраз быў апеты яшчэ Міцкевічам. Але адначасова, калі толькі руіну пакінем — жыцця там не будзе. А будуць мясцовыя хуліганіць — мы ўжо цяпер пастаянна з рова дастаем камяні, што склалі ля вежы. Гаспадар мусіць быць. Таму вежу Шчытоўку, у адрозненне ад іншых, я прапанаваў аднавіць у межах нашых звестак, прычым нават не па малюнках, а выключна па фотаздымках, якіх у нас вялікая колькасць. Часткова адновім, з уладкаваннем музейнай экспазіцыі філіяла краязнаўчага музея. Не мая ідэя, а так наогул робяць. Дырэктар музея мяне ж у першую чаргу і падтрымала.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?