Выразаная на камені прыкладна 13800 гадоў таму схема сямі хацін, знойдзеная ў Іспаніі, з'яўляецца найстаражытнай выявай чалавечага жылля.
Пра знаходку паведамляецца ў часопісе PLoS One. Коратка пра гэта распавёў New Scientist.
На камені, як лічаць навукоўцы, намаляванае штодзённае жыццё стаянкі паляўнічых-збіральнікаў. Найстаражытныя творы мастацтва Homo sapiens былі створаныя каля 40 тысяч гадоў таму, аднак яны былі прысвечаны выключна звярам і людзям, якія на іх палявалі.
Іспанскія навукоўцы знайшлі камень з высечанай на ім выявай на тэрыторыі археалагічнага комплексу Малі дэль Сальт, у 50 км на захад ад Барселоны. Людзі жылі там у прамежку паміж 13 і 7 тысячагоддзямі да нашай эры: захаваліся сляды хацін, косці жывёл і іншыя прыкметы жылля.
«Мы ўпершыню даведаліся, што першабытны чалавек быў здольны адлюстроўваць грамадства, у якім ён жыве. Таксама ўпершыню мы сустрэліся з вобразам палеалітычнай вёскі», — заявіў Маркас Гарсія-Дыес.
Іспанскія навукоўцы лічаць, што хаціны на камені высек першабытны мастак-авангардыст, які парваў з традыцыяй адлюстроўваць толькі жывёл. Контуры малюнка супадаюць з прапорцыямі хацін сучасных плямёнаў паляўнічых-збіральнікаў, адзначаецца ў артыкуле.
Зрэшты, не ўсе згодныя з такой інтэрпрэтацыяй: брытанскі археолаг Пол Петыт заявіў, што абстрактная манера мастацтва каменнага стагоддзя дапускае і іншыя трактоўкі — магчыма, на камені не хаціны, а жывёлы.