33-гадовы жыхар Мінска Дзмітрый Рубін у пачатку года адправіўся ўзыходзіць на Эльбрус (Кабардзіна-Балкарыя, Расія). Падчас спуску 12 студзеня ён адстаў ад таварышаў з-за траўмы і знік. Пяць дзён ратавальнікі вялі яго пошукі. Днём 16 студзеня супрацоўнікі МНС знайшлі цела загінулага альпініста.

33-гадовы Дзмітрый Рубін жыў у Мінску, дзе ўзначальваў адну з буйных дэвелоперскіх кампаній. Свой адпачынак ён вырашыў правесці ў гарах — адправіўся на Эльбрус 3 студзеня. Мужчына ўзыходзіў на вяршыні не ўпершыню — у мінулым годзе ён быў у Непале, пастаянна спецыяльна трэніраваўся.

На Эльбрус ён адправіўся разам з двума напарнікамі з Крыма — мабыць, таму яны ўсе былі зарэгістраваныя як група, якая прыбыла з паўвострава.

У другой палове дня 16 студзеня ўпраўленне МНС Расіі па Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы паведаміла, што знойдзена цела зніклага турыста:

«Вядуцца работы па транспарціроўцы загінулага для далейшай перадачы следча-аператыўнай групе праваахоўных органаў».

Надзвычайнае здарэнне адбылося 12 студзеня падчас спуску на паўднёвым схіле Эльбруса на вышыні прыкладна 4,9 тысячы метраў, у раёне скал Пастухова.

Адзін з удзельнікаў атрымаў абмаражэнне, ён пачаў спускацца раней, апярэджваючы напарнікаў. Двое іншых адсталі, некалькі разоў яны падалі.

«Дзіма пашкодзіў сцягно. Другі хацеў яму дапамагчы, але Дзіма адмовіўся: сказаў, ідзі наперад, прышлеш па мяне ратавальнікаў. Да лагера было недалёка. Калі другі пайшоў,то быццам знайшоў па дарозе першага альпініста без прытомнасці», — распавядалі родныя зніклага беларуса.

У выніку адзін з альпіністаў сам дабраўся да лагера. Другога крымчаніна знайшлі ратавальнікі, ён жывы.

Дзясяткі ратавальнікаў з дапамогай верталёта з дня здарэння штодня шукалі беларуса. Некалькі разоў пошукі прыпынялі з-за пагаршэння надвор'я на паўднёвым схіле Эльбруса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?