Сёньня ўначы прайшоў першы матч першага раўнду Кубку Стэнлі паміж "Манрэалем і "Бостанам". Клюб з Квэбэку перамог зь лікам 4:1 (па пэрыядах: 2:1, 1:0, 1:0).
Сяргей Касьціцын адкрыў лік ужо на 35-й сэкундзе, а другую шайбу ў матчы закінуў ягоны брат Андрэй, зрабіў гэтай ён на самым пачатку 3-й хвіліны.
Гульні ў сэрыях Кубку Стэнлі праходзяць да чатырох перамогаў адной з каманд. Наступная гульня "Манрэаля" і "Бостана" – 12 красавіка. Матчы на ўсходнім узьбярэжжы пачынаюцца, калі ў Менску другая гадзіна ночы наступнага дня.
Нагадаем, што ўчора ўдачна стартаваў у розыгрышы Кубку Стэнлі "Каларада Эвэланш", дзе гуляе беларускі абаронца Руслан Салей. "Лавіны" перамаглі "Мінэсоту Уайлд" – 3:2. Другі матч "Каларада" правядзе сёньня.
***
Іншыя матчы сёньняшняга дня:
"Дэтройт" – "Нэшвіл" – 3:1, "Анахайм" – "Далас" – 0:4.
Правялі ўжо другую гульню "Сан Хасэ Шаркс" і "Калгары Флэймз". "Акулы" гэтым разам зраўнялі лік у сэрыі, выйграўшы 2:0. Лік у сэрыі стаў 1:1.