Белтэлерадыёкампанія ў адказ на відэазаяву свайго гукарэжысёра Уладзіміра Жолудзя, які 15 лютага аб'явіў галадоўку з-за несправядлівай, на яго думку, сістэмы аплаты працы ў медыяхолдынгу, прыняла рашэнне надаць галоснасці сапраўдныя ўмовы працы свайго супрацоўніка і размясціла на сваім сайце адпаведную інфармацыю.

«Гукарэжысёр 2-й кваліфікацыйнай катэгорыі Уладзімір Жолудзь працуе ў медыяхолдынгу на 0,5 стаўкі і за 2015 год меў сярэднямесячную зарплату больш за 7 млн рублёў. За праект «Еўрабачанне» яму быў выплачаны ганарар у памеры 1 млн 150 тыс. рублёў», — адзначаецца ў паведамленні. Акрамя гэтага кіраўніцтва аддзела гукарэжысёраў хадайнічала аб прэміраванні Жолудзя па выніках праекта ў памеры 1 млн рублёў, што 10 лютага было падтрымана кіраўніцтвам кампаніі.

«Да ўсяго варта дадаць, што гэты супрацоўнік, які працуе на паўстаўкі, пражывае ў інтэрнаце, прадастаўленым яму Белтэлерадыёкампаніяй, за які плаціць каля 100 тыс. рублёў штомесяц», — адзначае НДТРК.

Заканчваецца паведамленне фразай: «Журналісты Белтэлерадыёкампаніі, роўна як і многія мінчукі, якія арандуюць камерцыйнае жыллё, напэўна пазайздросцяць нашаму гукарэжысёру».

Сам Жолудзь пакуль не дае каментараў журналістам. Праз сваіх калегаў ён перадаў БелаПАН: «Пакуль трымаюся. Добрае сонечнае надвор'е дапамагае».

15 лютага Жолудзь размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» відэазварот, у якім кажа пра нізкую аплату працы ў медыяхолдынгу, у прыватнасці працы гукарэжысёраў. Ён адзначыў, што падставай для абвяшчэння галадоўкі паслужыла падрыхтоўка і прамая трансляцыя нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне». За тыднёвую «вельмі тэхналагічную і цяжкую» гукарэжысёрскай працу ў рэжыме з 9—10 раніцы да 22—24 гадзін «без гарачага харчавання і перапынку на абед» ён атрымаў 600 тыс. рублёў. Жолудзь таксама падкрэсліў, што галадоўка — гэта не ўльтыматум, а спосаб данесці праблему да начальства. На 23 лютага ён запісаны на прыём да кіраўніцтва кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?