Кіраўнік МЗС Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер выказаў незадавальненне вынікамі нармандскай сустрэчы ў Парыжы і заклікаў Кіеў і Маскву ісці на кампрамісы.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Штайнмаера, тэкст якой маецца ў распараджэнні «Еўрапейскай праўды».

«Сёння вечарам у Парыжы ў нас у чарговы раз былі сапраўды цяжкія, нават спрэчныя дыскусіі. І, шчыра кажучы, мы не можам быць задаволеныя. Ні сітуацыяй на месцах, ні сённяшнімі вынікамі. Пасля доўгіх гадзін сёння ў Парыжы, ужо пасля адзінаццатай нармандскай сустрэчы кіраўнікоў МЗС, магу сказаць: нічога не бывае проста. Любы прагрэс у Мінскім працэсе дастаткова складаны. За кожную дэталь франка-нямецкіх прапаноў ідзе барацьба, упартая барацьба паміж Расіяй і Украінай», — гаворыцца ў заяве.

Штайнмаер адзначыў, што часам у яго ствараецца ўражанне, што ў Маскве і Кіеве пакідаюць без увагі, наколькі сур'ёзная сітуацыя, пад якім вялікім ціскам знаходзяцца ўсе бакі перамоўнага працэсу.

«Мінск неабходна хутчэй рэалізаваць, таму што ў адваротным выпадку мы рызыкуем страціць легітымнасьць і аўтарытэт нашых намаганняў. У выніку Кіеў і Масква павінны вырашыць, чаго яны хочуць — каб канфлікт працягваў тлець з рэгулярнай эскалацыяй, або, нарэшце, прыняць смелыя рашэнні і ісці на кампрамісы, якія неабходныя, каб прывесці да поспеху Мінска. Невялікіх крокаў ужо недастаткова, каб супакоіць сітуацыю, каб пераадолець канфлікт», — сказаў ён.

Нямецкі міністр падкрэсліў, што за апошні час удалося дамагчыся прагрэсу ў галіне бяспекі, «але мы павінны шчыра заявіць, што ва ўсіх астатніх, і асабліва ў палітычных пытаннях, па канчатковым рахунку на самай справе руху наперад няма».

«Што тычыцца дамоўленасцяў аб выбарах, мы сур'ёзна займаемся магчымымі кампрамісамі адносна закона аб мясцовых выбарах. Зразумела адно: гэтыя выбары не могуць быць адкладзеныя і нельга чакаць, «пакуль рак свісне». Яны з'яўляюцца асноўнай перадумовай для забеспячэння прагрэсу ў палітычным працэсе», — заявіў міністр.

Ён дадаў, што 32 няўдалых пасяджэнні рабочай групы красамоўна кажуць пра цяжкасці ў дасягненні неабходных кампрамісаў.

«Праўда заключаецца ў тым, што пазіцыі бакоў па-ранейшаму далёкія адна ад адной. У бліжэйшыя некалькі тыдняў мы чакаем інтэнсіўных перамоў, якія будуць спрыяць дасягненню пагаднення. Нарэшце, мы гаварылі пра бяспеку выбараў. Гэта асноўнае патрабаванне — без бяспекі не можа быць выбараў. Мы папрасілі АБСЕ да канца сакавіка прэзентаваць канцэпцыю разгортвання міжнароднай місіі, каб забяспечыць патрабаваныя меры бяспекі. Гэта ўсё прагрэс, але з абмежаваным рухам. Не больш і не менш! Большага сёння дамагчыся не ўдалося! На жаль!» — сказаў на заканчэнне Штайнмаер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0