За парушэнні правілаў карыстання платнымі дарогамі Беларусі грамадзянка Расіі выплаціла штраф у суме 800 еўра, паведаміў начальнік рэгіянальнага аддзела кантролю платных дарог «Брэст» Антон Мінько.

Транспартная інспекцыя па Брэсцкай вобласці выявіла за расіянкай 8 фактаў неаплаты праезду. Парушэнні былі дапушчаныя ў 2015-м і бягучым годзе. З улікам платы ў павялічаным памеры, сума штрафу склала 800 еўра. Патрабаванне да аплаты грамадзянцы было выстаўлена ў пункце пропуску «Варшаўскі мост», куды яна заехала позна ўвечары 30 сакавіка. Транспартны сродак, уласніцай якога жанчына з'яўляецца, зарэгістраваны ў Балгарыі. Насуперак правілам, бартавой прыладай сістэмы электроннага збору платы за праезд BelToll аўтамабіль не абсталяваны.

Расіянка катэгарычна адмовілася аплаціць штраф і замкнулася ў салоне аўтамабіля. Каб пазбегнуць нейкіх інцыдэнтаў у пункце пропуску, супрацоўнікі інспекцыі ўжылі блакатар транспартнага сродку. «Спачатку яна спаслалася на адсутнасць грошай, затым паскардзілася на дрэннае самаадчуванне. Брыгада хуткай дапамогі, якая прыбыла па яе выкліку, не знайшла прычын для шпіталізацыі. Увесь гэты час супрацоўнікі інспекцыі знаходзіліся побач і паводзілі сябе звышкарэктна, але жанчына катэгарычна адмаўлялася ісці на кантакт», — распавёў Антон Мінько.

Інцыдэнт удалося ўладзіць толькі на раніцу наступнага дня, калі ў пункт пропуску прыбыў прадстаўнік генеральнага консульства Расіі ў Брэсце. Дыпламат пераканаў суайчынніцу аплаціць штраф у поўным памеры. Прычым аплату яна зрабіла наяўнымі. Каля поўдня 31 сакавіка расіянка выехала з пункта пропуску ў напрамку Польшчы.

Антон Мінько адзначыў, што ўвесь гэты час супрацоўнікі транспартнай інспекцыі ўзаемадзейнічалі з памежнікамі і мытнікамі, дзякуючы чаму рух транспарту ў пункце пропуску не быў парушаны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?