Грамадства

«Іх цікавіла, ці працаваў я на СБУ, бо ездзіў у Бахмут». Фатограф Аляксандр Васюковіч пра вайну, прысуд і выезд з Беларусі

Супрацоўнікі КДБ затрымалі Аляксандра ў кастрычніку мінулага года, да гэтага ён тройчы выязджаў працаваць фатографам на вайне ва Украіне. Радыё Свабода распытала яго пра вырак, зняволенне і ад’езд.

Аляксандр Васюковіч. Фота: Радыё Свабода

Фатографа Аляксандра Васюковіча ў студзені асудзілі нібыта за ўдзел у масавых беспарадках на тры гады «хатняй хіміі». Дагэтуль ён тройчы выяжджаў асьвятляць вайну ва Ўкраіне, у тым ліку наведваў Бахмут. Цяпер Аляксандар пакінуў Беларусь і знаходзіцца ў бясьпецы. Свабода распытала фатографа пра арышт, суд і вайну.

«Стаўленьне ва Ўкраіне было добрым»

Аляксандар Васюковіч асьвятляе ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне з 2014 году. Пасьля пачатку поўнамасштабнага расейскага ўварваньня, да свайго затрыманьня, ён здолеў зьезьдзіць ва Ўкраіну тройчы.

«Я вярнуўся з Украіны — і праз два тыдні мяне затрымалі. Гэта быў трэці мой выезд туды. Вядома, былі асьцярогі, што гэта можа стаць прычынай затрыманьня, але пакідаць Беларусь не хацелася. Я ва Ўкраіне здымаю з 2013 году, і мне было важна гэта працягнуць» — гаворыць Аляксандар.

Ён кажа, што цяпер на вайне стала значна небясьпечней працаваць, чым гэта было ў 2014 годзе.

«Тады гэта было ня так небясьпечна, ішла вайна з адносна невялікай групоўкай сэпаратыстаў. А цяпер гэта вайна дальнабойнай артылерыяй. Ты ніколі ня ведаеш, калі і куды трапіць. Зараз ёсьць дроны, ад якіх вельмі цяжка схавацца. Стала складаней у прынцыпе. Рабіць тое, што я рабіў у 2014-м, проста нерэальна. З прычыны праблем сваёй бясьпекі, праблем доступу», — параўноўвае фатограф.

У 2014 Аляксандар Васюковіч езьдзіў ва Ўкраіну, каб зрабіць маштабны фотапраект «Фота на памяць» пра людзей, якія там ваююць. Некаторыя зь іх загінулі яшчэ ў 2014 годзе.

Аляксандар заўважыў добрае стаўленьне з боку ўкраінцаў да сябе, бо прыехаў асьвятляць ваенныя падзеі. Падчас адной з паездак ён наведаў Бахмут.

«Мяне найбольш уразілі людзі, якія на той момант паўтара года жылі ў падвале свайго дома, у горадзе Северск. Яго абстрэльвалі кожную ноч, але людзі не хацелі зьяжджаць. Давялося трапляць пад абстрэлы, але было дзе ўкрыцца. Там увесь час трэба трымаць у галаве, што нешта можа прыляцець. Асабліва ў Бахмуце, дзе пасярод гораду праходзіла лінія фронту і над галавой нешта ўвесь час лятае», — кажа фатограф.

«Іх цікавіла, ці працаваў я на СБУ»

Аляксандра Васюковіча затрымалі ў кастрычніку 2023 году. Затрыманьне праводзілі супрацоўнікі КДБ.

«Мне проста пазванілі па тэлефоне і сказалі, што неабходна зьявіцца ў КДБ на размову. А калі я сабраўся выходзіць, то яны ўжо стаялі пад дзьвярыма і паказвалі мне пасьведчаньні. Ня памятаю, што гэта было за ўпраўленьне. Паводзіліся яны нармальна, не грубілі, ператрус праводзілі таксама нармальна. Нічога не раскідалі, усё акуратна. У пастанове на ператрус было напісана, што яна выдадзена ў справе аб масавых беспарадках. Пыталіся пра Ўкраіну, ці працаваў я з СБУ. Я проста адказаў, што не», — прыгадвае Аляксандар.

Пры ператрусе забралі флэшкі, кампутар, нататнік і фатаздымкі са старых украінскіх праектаў Аляксандра.

«Пасьля ператрусу мяне адразу адвезьлі ў Сьледчы камітэт, аформілі затрыманьне і адправілі на Акрэсьціна. Зьмясьцілі ў аднамесны карцар, дзе было ад 7 да 13 чалавек. Тады ўсіх палітычных трымалі ў карцары, які разьлічаны на аднаго чалавека. Тры мэтры на 1,6 мэтра. Мы спалі на бэтоннай падлозе. Часам па чарзе, калі нас было зашмат», — расказвае фатограф.

На Акрэсьціна ў такіх умовах ён правёў 10 дзён. Сукамэрнікі былі абсалютна розныя: аўтамэханікі, супрацоўнікі складу — усе яны былі «за палітыку», кажа Аляксандар. Былі тыя, каго затрымалі за камэнтар, за заклік да санкцыяў, за пратэсты.

«Выйшаў на дарогу — значыць, я яе блякаваў»

Пасьля фатографа перавялі на Валадарку, дзе ўмовы былі значна лепшыя.

«Там колькасьць людзей была роўная колькасьці ложкаў. Каля 40% людзей былі за палітыку, хтосьці ў адной крымінальнай справе, у кагосьці крымінальных справаў было некалькі. Другая вялікая група — затрыманыя за наркотыкі, трэцяя — за махлярства. У асноўным мы гаварылі, чыталі кнігі. Там быў тэлевізар, але я яго глядзець ня надта любіў», — успамінае Аляксандар.

Падчас знаходжаньня на «Валадарцы» адбываліся сьледчыя дзеяньні. Фатограф кажа, што ад яго не імкнуліся дамагчыся нейкіх прызнаньняў. Не было перабояў зь лістамі і перадачамі ад родных.

«У іх былі фатаздымкі, якія я рабіў падчас пратэстаў, і па іх відаць, што я знаходзіўся на праезнай частцы. Тое, што я працаваў там як фатограф ад СМІ, нікога не бянтэжыла. Я выйшаў на дарогу — значыць, я яе блякаваў», — апавядае фатограф.

На Валадарскага Аляксандар правёў тры месяцы. Самае складанае для яго там было чаканьне і невядомасьць, бо няясна, які вырак вынесе суд. Перад самым судом фатографа адправілі ў карцар на 17 дзён. Ён правёў там 13.

«Мяне адправілі ў карцар, бо я нібыта спаў удзень. У мяне было адно парушэньне, але трэба тры, каб туды трапіць. Два іншыя парушэньні — я ня спаў, а проста сядзеў на ложку, бо месца мала і сесьці за стол могуць ня ўсе. Мяне пакаралі 17 днямі карцара, але перад судом я напісаў ліст начальніку мэдчасткі, што я сябе псыхалягічна кепска адчуваю, і папрасіў перавесьці ў камэру да суду», — тлумачыць Аляксандар.

Карцар — гэта маленькае памяшканьне са столікам і табурэткай, якая тырчыць са сьцяны. Ложак апускаецца толькі ўначы. Зьняволеныя скардзяцца на холад у такім памяшканьні.

Суд у Аляксандра прайшоў хутка — у першы дзень зачыталі абвінавачаньне, у другі вынесьлі прысуд: тры гады «хатняй хіміі».

«Лічу, што з прысудам дапамагла праца адваката. Я спадзяваўся на лепшае, на «хатнюю хімію». Але і калёнію нельга было выключаць. Што тут мела ключавое значэньне? Складана сказаць. Можа, тое, што я наагул ні ў чым ня быў вінаваты?», — рытарычна пытаецца фатограф.

«Зразумеў, што цаню сваю свабоду»

Аляксандар выйшаў на волю бяз пашпарта, давялося папашукаць яго па розных аддзелах МУС. Пасьля атрыманьня дакумэнту яго трэба было замяніць на новы. Пасьля фатограф зьвярнуўся ў «Байсол» і выехаў зь Беларусі.

«Калі апынуўся ў зьняволеньні, вырашыў, што заставацца ня буду. Зразумеў, што цаню сваю свабоду. Ды і новая справа магла быць. Я ня мог далей там заставацца і займацца тым, чым займаўся. Як толькі я атрымаў новы пашпарт, то сеў і паехаў. У мяне была забарона на выезд, таму выехаць мне дапамаглі», — кажа Аляксандар.

Цяпер ён уладкоўваецца ў Польшчы, разьбіраецца з працай і жыльлём.

Каментары

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны29

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка19

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

Байдэн спіша частку доўгу Украіне1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны29

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →