Расія атрымала сродкі, якія забяспечваюць нейтралізацыю ваенных аб'ектаў у краінах Усходняй Еўропы без выкарыстання тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, у Масквы на сёння няма вострай неабходнасці размяшчаць тут, у прыватнасці, сваю авіябазу.

25 красавіка ВМФ Расіі пачаў у Каспійскім моры вучэнні з баявымі стрэльбамі, у тым ліку з ракетных комплексаў «Калібр-НК». Гэта зброя прагрымела ў СМІ пасля леташніх удараў па аб'ектах тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД). Наяўнасць у Расіі такой зброі стала фактарам, уплыў якога на стратэгічную сітуацыю ва Усходняй Еўропе вымушаныя ўлічваць ваенныя аналітыкі усіх краін рэгіёну.

Па маёй версіі, гэты фактар паўплываў і на пытанне размяшчэння расійскай авіябазы ў Беларусі. Можна сказаць, што беларускаму кіраўніцтву пашанцавала.

Нагадаю, яшчэ ў лістападзе мінулага года начальнік аператыўнага ўпраўлення Галоўнага штаба Паветрана-касмічных сіл Расіі Аляксандр Ляпкін выступіў з заявай, якую можна было расцаніць як пацверджанне, што пытанне стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі практычна вырашанае.

Расійскі генерал заявіў, што склад гэтага падраздзялення і яго арганізацыйна-штатная структура ўжо зацверджаныя. А менавіта: на аэрадроме ў Бабруйску плануецца дыслакаваць эскадрыллю ўдарных знішчальнікаў (12 адзінак) і верталётнае звяно (4 транспартна-баявыя верталёты Мі-8).

Назіральнікі адзначалі: акрамя процідзеяння польскай авіяцыі, задачай гэтай авіягрупоўкі павінен быў стаць удзел у нейтралізацыі будучых аб'ектаў ЕўраСРА на тэрыторыі той жа Польшчы. У Маскве расцэньваюць іх як вельмі сур'ёзную рызыку для расійскіх стратэгічных сіл стрымлівання.

Акрамя таго, з публікацый тамтэйшых СМІ вынікала, што пытанне размяшчэння авіябазы ў Беларусі разглядалася расейскай кіруючай элітай як тэст для Аляксандра Лукашэнкі.

Між тым час ішоў, але, нягледзячы на масу зручных падстаў «прыціснуць хвост» беларускаму кіраўніцтву, Масква практычна перастала афіцыйна падымаць тэму авіябазы. Больш за тое, 9 лютага прэзідэнт Акадэміі геапалітычных праблем, былы высокі чыноўнік Мінабароны Расіі генерал-палкоўнік Леанід Івашоў заявіў расейскаму інфармацыйнаму агенцтву EADaily, што фармальная адсутнасць авіябазы ніяк не перашкаджае развіццю ваеннага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.

«Калі Аляксандру Рыгоравічу ідэя размяшчэння авіябазы не асабліва падабаецца і ён разглядае гэта як нейкае ўшчамленне свайго суверэнітэту, то юрыдычнага афармлення ваеннай базы не трэба. Проста трэба развіваць адзіную абаронную прастору. А яна ёсць — працуе сумесная калегія міністэрстваў абароны, узаемадзейнічаюць генеральныя штабы, у ходзе вучэнняў, камандна-штабных гульняў адпрацоўваюцца пытанні забеспячэння бяспекі як Беларусі, так і нашага заходняга стратэгічнага кірунку, уключаючы і прыбалтыйскі. А калі ўжо сапраўды паўстане пагроза, то перадыслакаваць шэраг частак, і не толькі авіяцыйных, будзе нескладана», — сказаў Івашоў.

А 26 лютага пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў нечакана заявіў, што Масква вырашыла ўсё ж такі вылучыць Мінску праз Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця крэдыт у 2 млрд долараў. Прычым не было ніякіх прыкмет таго, што рашэнне прынята на ўмовах «крэдыт у абмен на базу».

Зразумела, што Расія ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызісу не жадае дэстабілізаваць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі, адсюль і вылучэнне сродкаў на «падтрыманне штаноў». Але як тады быць з нейтралізацыяй аб'ектаў ПРА ў Польшчы, якія так нервуюць Маскву?

Адказ на гэтае пытанне даў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Выступаючы 22 кастрычніка на семінары-практыкуме для кіраўнікоў цэнтральных беларускіх СМІ, Раўкоў заявіў, што сэнсу ў расійскай авіябазе на беларускай тэрыторыі пакуль няма. Па словах міністра, больш эфэктыўнымі могуць быць сродкі паражэння, «якія могуць своечасова ў патрэбным месцы» нанесці ўдар па аб'ектах патэнцыйнага праціўніка.

Рызыкнем выказаць здагадку, што кіраўнік беларускага ваеннага ведамства меў на ўвазе менавіта зброю тыпу крылатых ракет (КР) 3M-14 надводнага карабельнага комплексу «Калібр-НК», якімі 5 і 6 кастрычніка 2015 года караблі каспійскай флатыліі нанеслі ўдар па 11 аб'ектах ІД у Сірыі. Паводле дадзеных Мінабароны Расіі, цэлі былі паражаныя з дакладнасцю да трох метраў. А 8 снежня ўдар па пазіцыях ІД быў упершыню нанесены КР «Калібр-ПЛ» з дызель-электрычнай падводнай лодкі «Растоў-на-Доне» праекту 636.3 з акваторыі Міжземнага мора.

Пуск крылатай ракеты комплексу «Калібр-ПЛ» з-пад вады

Пуск крылатай ракеты комплексу «Калібр-ПЛ» з-пад вады

31 снежня СМІ са спасылкай на даклад упраўлення ваенна-марской выведкі ЗША паведамілі, што ў рамках пераўзбраення ВМФ Расія мае намер пашырыць вобласць ужывання КР новага пакалення «Калібр». Зрэшты, гэта пацвярджаецца і дадзенымі расейскага Міністэрства абароны, згодна з якім пастаўкі такой высокадакладнай зброі ва ўзброеныя сілы краіны ў 2015 годзе выраслі ў разы.

Такім чынам, цяпер можна, як пажартаваў адзін з блогераў, «з ракетнага катэра, напрыклад у Чудска-Пскоўскім возеры, накрыць базу НАТА дзе-небудзь пад Лісабонам». Калі ж казаць сур'ёзна, то ўжо цяпер уся тэрыторыя Польшчы (а такім чынам і ўсе будучыя базы) трапляе ў поле паражэння комплексаў «Калібр», размешчаных на ракетных караблях каспійскай флатыліі і Чарнаморскага флоту.

Высокадакладная КР 3М-14 (па класіфікацыі ЗША / НАТА — SS-N-30), паводле дадзеных адкрытых крыніц, прызначана для паражэння стацыянарных (маларухомых) наземных і марскіх цэляў. Тыпавымі цэлямі для яе з'яўляюцца наземныя пункты кіравання войскамі, склады ўзбраенняў і паліва, аэрадромныя і партовыя збудаванні.

Ракеты 3М14 ў рознай канфігурацыі ўваходзяць у склад ракетнага комплексу «Калібр-НК» для ўзбраення надводных караблёў, ракетнага комплексу «Калібр-ПЛ» для падводных лодак, мабільнага наземнага ракетнага комплексу «Калібр-М», комплексу ракетнай зброі авіяцыйнага базавання «Калібр-А ».

Гэтыя ракеты абсталёўваюцца камбінаванай сістэмай навядзення. Кіраванне ў палёце — цалкам аўтаномнае. Бартавая сістэма кіравання пабудавана на базе аўтаномнай інерцыяльнай навігацыйнай сістэмы АБ-40Э. У склад сістэмы кіравання ракеты ўваходзіць радыёвысотамер тыпу РВЭ-Б і прыёмнік сігналаў сістэмы спадарожнікавай навігацыі (ГЛОНАСС або GPS). Радыёвысотамер забяспечвае палёт у рэжыме абмінання рэльефу за кошт дакладнага вытрымлівання вышыні палёту: над морам — не больш за 20 м, над сушай — ад 50 да 150 м (пры падыходзе да цэлі — зніжэнне да 20 м).

Палёт ракет праходзіць па загадзя закладзеным маршруце ў адпаведнасці з дадзенымі выведкі адносна становішча цэлі і наяўнасці сродкаў СПА. Карэкцыя траекторыі палёту ракеты на маршавым участку ажыццяўляецца па дадзеных падсістэмы спадарожнікавай навігацыі і падсістэмы карэкцыі па рэльефе мясцовасці. Палёт адбываецца па складанай траекторыі, ракета мае магчымасць абыходзіць моцныя зоны СПА/ПРА суперніка ці складаныя па рэльефе ўчасткі мясцовасці за кошт уводу ў палётнае заданне каардынатаў так званых пунктаў павароту маршруту (да 15 апорных пунктаў).

Навядзенне на канчатковым участку траекторыі ажыццяўляецца пры дапамозе памехаабароненасці актыўнай радыёлакацыйнай галоўкі саманавядзення АРГС-14, якая эфектыўна вылучае слаба прыкметныя малапамерныя цэлі на фоне падсцілаючай паверхні.

Далёкасць палёту экспартнага варыянту ракеты, які маркіруецца літарай «Э», абмежаваная 300 км. Для ВМФ Расіі далёкасць, па заяве крыніц у Мінабароны, складае 2600 км.

Ракета 3М-14 абсталяваная магутнай 450-кілаграмовай фугаснай баявой часткай з опцыяй паветранага падрыву. Распрацаваны варыянт ракеты з касетнай баявой часткай, камплектаваны аскепкавымі, фугаснымі або кумулятыўнымі паражальнымі элементамі для ўдару па плошчавых і працяглых цэлях. Для ўзброеных сіл РФ распрацаваны варыянт з ядзернай баявой часткай.

Такім чынам, маем факт наяўнасці ў Расіі магутнай высокадакладнай зброі няядзернага стрымлівання і паражэння аддаленых цэляў. Яна дазваляе паражаць аб'екты патэнцыйнага праціўніка практычна па ўсёй Еўропе з уласна расійскай тэрыторыі. У выніку размяшчэнне ўдарнай авіяцыі Расіі ў Беларусі становіцца не такім ужо актуальным, тым больш што саюзнік упіраецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?