Супрацоўнікі аховы расійскага ўніверсітэта МГІМО адмовіліся ўпускаць абітурыентку, апранутую ў хіджаб. Там спаслаліся на ўнутранае распараджэнне, паводле якога навучэнцам не рэкамендавана нашэнне мусульманскіх галаўных убораў.
«Хоча вучыцца — хай здымае хіджаб. У нас у інстытуце ў хіджабе не ходзяць», — цытуюцца словы намесніка начальніка службы аховы.
У той жа час, як распавёў адвакат Мурад Мусаеў, у сітуацыю ўмяшаўся прарэктар ВНУ па прававых пытаннях Сяргей Шыцько.
«Ён зразумеў, што ахоўнікі перагнулі палку, (…) і паведаміў сваякам, што дзяўчынка можа працягваць наведваць курсы. Мы згодныя з тым, што гэтая норма мае сілу для студэнтаў, якія прыходзяць у галаўных уборах, але з гэтага павінна быць зроблена выключэнне для людзей, якія так паступаюць праз рэлігійныя перакананні», — сказаў юрыст.





