Немагчыма пайсці па інавацыйным шляху развіцця без навуковага суправаджэння і адукаваных кадраў. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы з дакладам старшыню Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзя Пальчыка, перадае БелТА.
«Мы выбралі інавацыйны шлях развіцця нашай краіны, эканомікі. Зразумела, без навуковага суправаджэння (а навуковае суправаджэнне — гэта кадры), без адукаваных, высокакваліфікаваных, падрыхтаваных кадраў гэта немагчыма. І якраз у эпіцэнтры гэтай работы становіцца Вышэйшая атэстацыйная камісія», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Генадзя Пальчыка, на чым цяпер будуецца работа ВАК, як праходзіць амаладжэнне навуковых кадраў — у Акадэміі навук, сферы адукацыі і рэальным сектары эканомікі. «Мы не адмаўляем ролю масцітых вучоных, але рана ці позна (жыццё так наладжана) яны сыходзяць, павінны прыйсці маладыя», — адзначыў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўзняў пытанне аб тым, што сёння можна зрабіць у Беларусі, улічваючы пажаданні навуковых супрацоўнікаў і магчымасці дзяржавы, каб вучоны чалавек меў адпаведнае палажэнне і статус.
Лукашэнка даручыў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі прапрацаваць пакет прапаноў па ўдасканаленні падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам БелТА старшыня ВАК Генадзь Пальчык пасля даклада кіраўніку дзяржавы.
«Даручана падрыхтаваць і разгледзець у бліжэйшы час на Прэзідыуме Савета Міністраў пакет, які тычыцца сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі», — сказаў Генадзь Пальчык.