Учора з салігорскай школы №4 напярэдадні апошняга выпускнога іспыту выключылі актывіста «Маладога Фронту» Івана Шылу. На знак пратэсту са школы звольнілася дырэктарка Вольга Сянькова.


Еўрарадыё пагаварыла з Вольгай Сяньковай, калі яна здавала справы і забірала свае рэчы з былога кабінета. Яна пацвердзіла, што сыход са школы звязаны з выключэннем Івана Шылы:

В.Сянькова: Я ўжо не дырэктар, я ўжо тут наводжу парадак. Я сыходжу. У мяне ёсць выслуга, і я сыходжу на пенсію па выслузе гадоў. Працаваць у адукацыі сёння немагчыма. У мяне адбілі ўсялякую ахвоту працаваць у адукацыі.

Вольга Сянькова працавала дырэктаркай з 1995 г. Яна трымала школу ў тройцы найлепшых у Салігорску. Апошняя пэдагагічная праверка адбылася ў лютым 2008 г.: тады узровень школы быў прызнаны роўным найлепшай гарадзкой гімназіі.

Эўрарадыё

* * *

Сёньня Івана Шылу не дапусьцілі да іспыту.

У школе дзяжурылі міліцыянты і кіраўнік аддзелу адукацыі Салігорскага выканкаму

Сталі вядомы падрабязнасьці паседжаньня Рады настаўнікаў, якая прыняла рашэньне аб выключэньні маладафронтаўца. У галасаваньні мусілі ўдзельнічаць 35 чалавек, зь якіх толькі 7 прагаласавалі супраць юнака. Па словах Івана Шылы, гэтыя настаўнікі ніколі ў яго ня выкладалі і прагаласавалі толькі пад ціскам адукацыйнай камісіі зь Менску.

Самога Шылу на паседжаньне не запрасілі. Ён упэўнены, што ў адваротным выпадку Рада настаўнікаў гласавала б таемна і вынікі былі б зусім іншымі. «На ўсе мае заўвагі аб незаконных дзеяньняў адукацыйнай камісіі мне раілі зьвяртацца ў суд. Што я і зраблю бліжэйшымі днямі» — падзяліўся плянамі І. Шыла.

Іван зьбіраўся паступаць на вучобу ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на завочнае аддзяленьне. «Думаю, што вялікіх складанасьцяў для паступленьня падзеі вакол майго атэстата ня створаць» — мяркуе ён. Хлопец у любым разе разьлічвае здаць іспыт ў жніўні. Ня выключаная пэрспэктыва службы ў войску: восеньню яму споўніцца 18 гадоў і ў выпадку, калі паступіць у ВНУ не атрымаецца, Шылу чакае зімовы прызыў.

CП, паводле mfront.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0