Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац на сустрэчы з ініцыятыўнай групай жыхароў Сельгаспасёлка 7 снежня паабяцаў «узяць тайм-аўт» у высечцы дрэў у сталічным скверы Котаўка, паведаміў сябра ініцыятыўнай групы Віктар Барташэвіч.

Паводле яго слоў, кіраўнік Мінгарвыканкама замест запланаваных 15 хвілін гутарыў з актывістамі каля дзвюх гадзін. «Мы за гэты час змаглі данесці ўсё, што хацелі расказаць», — адзначыў Барташэвіч.

У першую чаргу актывісты расказалі Шорцу пра сённяшнія сутычкі мясцовых жыхароў з работнікамі «Зелянбуда» і «Гаррамаўтадара», калі актывісты спрабавалі перашкодзіць высечцы дрэў у скверы пад будаўніцтва касцёла. Некаторыя з жыхароў у ходзе барацьбы з супрацоўнікамі названых камунальных прадпрыемстваў атрымалі сінякі і траўмы. «Мы сказалі, што ўсё зафіксавана на відэа і ёсць таму доказы. Я быў здзіўлены, што ў Шорца гэта інфармацыя не выклікала ніякай чалавечай рэакцыі. Ён сядзеў і слухаў далей», — адзначыў актывіст.

Юрыст экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна, якая таксама прысутнічала на сустрэчы, паведаміла кіраўніку Мінгарвыканкама, што ім было адмоўлена ў грамадскай экалагічнай экспертызе карэкціроўкі плана дэталёвага планавання (ПДП) Сельгаспасёлка. У праекце прадугледжана пашырэнне вуліцы М.Багдановіча, дзе плануецца будаўніцтва трэцяй лініі метро, знос прыватнага сектара, будаўніцтва шматфункцыянальных комплексаў, жылых шматкватэрных будынкаў, аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, а таксама забудова зялёных зон: сквера Котаўка і на завулку Крыловіча.

Разам з Шорцам на сустрэчы з актывістамі быў яго памочнік, прадстаўнікі адміністрацыі Савецкага раёна і архітэктар карэкціроўкі ПДП Сельгаспасёлка Зоя Забароўская. «Яна спрабавала абараніць свой праект і казала, што ўсё законна, а мы ўказвалі, што многае ў праекце незаконна, асабліва парушэнне рэгламенту генплана, згодна з якім забаронена любое капітальнае будаўніцтва ў скверы Котаўка», — расказаў сябра ініцыятыўнай групы. Паводле яго слоў, у адказ на заўвагі Шорац сказаў, што «там жа стане прыгожа і добраўпарадкавана». Між тым раней у скверы былі лаўкі і ён быў акружаны кустоўем, цяпер усё гэта знікла, адзначыў ён.

«У выніку кіраўнік Мінгарвыканкама паабяцаў узяць тайм-аўт, паабяцаў, што заўтра ніхто там працаваць не будзе. Мы спыталі, колькі гэта працягнецца, на што ён адказаў: «Пакуль не вывучу усе вашы дакументы і звароты». Хоць усё, што мы яму далі, можна прачытаць за паўгадзіны. Колькі тайм-аўт працягнецца, я не ведаю, але Шорац, відаць, зразумеў, што там нешта не так. Так што работы не будуць весціся ў Котаўцы хаця б заўтра», — падкрэсліў Барташэвіч.

Паводле яго слоў, таксама актывісты прапанавалі Шорцу прызнаць, што грамадскае абмеркаванне карэкціроўкі ПДП, якое прайшло раней, не адбылося, паколькі ў камісію не ўвайшлі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы жыхароў раёна, а ўвайшлі кіраўнікі буйных фірмаў-забудоўшчыкаў. «Ён спакойна прарэагаваў і прапанаваў пакінуць зварот. Кіраўнік раённай адміністрацыі запэўніў Шорца, што ўсё законна», — адзначыў актывіст.

На пытанне аб планах па далейшых дзеяннях і просьбу пракаментаваць інфармацыю пра тое, што нібыта высечка спынена па званку з Адміністрацыі прэзідэнта, Барташэвіч адказаў: «Я заўтра пагляджу, ці будзе выконвацца абяцанне Шорца. Мы яму сказалі і пра гэты званок, на што ён адказаў, што, калі б такое даручэнне было, ён бы першым пра гэта даведаўся».

Як паведамлялася раней, з 8 лістапада па 2 снежня адміністрацыя Савецкага раёна Мінска правяла грамадскія абмеркаванні карэкціроўкі плана дэталёвага планавання Сельгаспасёлка. Мясцовыя жыхары лічаць, што план неабходна вярнуць на дапрацоўку і прадставіць дапрацаваны праект на паўторнае абмеркаванне.

Абшчыне «Рымска-каталіцкая парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазено» ў кастрычніку выдалі новы дазвол на правядзенне будаўніча-мантажных работ у скверы Котаўка ў Сельгаспасёлку.

Мясцовыя жыхары і эколагі ўпэўнены, што будаўніцтва касцёла ў скверы — парушэнне палажэнняў рэгламенту генплана. Паколькі Котаўка зялёная зона, па рэгламенце генеральнага плана і плана дэталёвага планавання сталіцы яна не можа забудоўвацца.

Абаронцы сквера сабралі больш за 500 подпісаў пад зваротам супраць забудовы сквера Котаўка, а таксама пад заклікам да забудоўшчыкаў разгледзець альтэрнатыўныя пляцоўкі для будаўніцтва. Жыхары і актывісты таксама звярталіся ў выканкам, у Мінгарвыканкам і наўпрост да кіраўніка каталіцкай царквы Тадэвуша Кандрусевіча, якога прасілі выбраць іншае месца для будаўніцтва. Аднак у сваім адказе на зварот Кандрусевіч паведаміў, што лічыць немэтазгодным разгляд альтэрнатыўных пляцовак для будаўніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?