Часопіс MIT Technology Review, які выдаецца Масачусецкім тэхналагічным інстытутам (MIT), апублікаваў спіс рэвалюцыйных тэхналогій, якія зменяць свет.
Спіс з самых перспектыўных тэхналогій MIT публікуе штогод з 2001 года. На думку аўтараў публікацыі, гэтыя тэхналогіі паўплываюць на палітычныя працэсы, эканоміку, культуру і палепшаць якасць жыцця чалавека.
1. Распазнанне твару як сродак аплаты і пропуск (тэхналогія ўжо выкарыстоўваецца)
Тэхналогіі распазнання твару найбольш актыўна развіваюцца ў Кітаі. Яны выкарыстоўваюцца як у сферы бяспекі, так і для спрашчэння абслугоўвання купцоў. Адна з кампаній, якая займаецца гэтым кірункам развіцця — Face++. Тэхналогія выкарыстоўваецца для пераводу грошай праз мабільны дадатак Alipay, якім карыстаецца больш за 120 млн чалавек у Кітаі. Твар чалавека з’яўляецца адзіным пацвярджэннем аперацыі пераводу грошай.
Улады Кітая выкарыстоўваюць тэхналогію для пошуку падазраваных пры праглядзе камер назірання.
2. Беспілотныя грузавікі (5—10 гадоў)
Кампанія Otto з Каліфорніі ўжо тэстуе гэтую тэхналогію. Першы паспяховы рэйс адбыўся летась у кастрычніку. Беспілотныя грузавікі на базе Volvo маюць чатыры відэакамеры, якія назіраюць за дарогай, радар, акселерометр, лазерны лакатар, а таксама камп’ютар, які аналізуе дадзеныя. Беспілотныя грузавікі могуць ехаць як паасобку, так і цэлай калонай.
3. Квантавыя камп’ютары (4—5 гадоў)
Зараз навукоўцы працуюць з квазічасціцамі, адкрытымі толькі ў 2012 годзе, — галоўнымі кампанентамі будучых квантавых камп’ютараў. Гэтыя камп’ютары дазволяць ажыццявіць рэвалюцыю ў крыптаграфіі, фармацэўтыцы, у галіне штучнага інтэлекту. Першыя камерцыйна выгадныя камп’ютары з’явяцца праз 5 гадоў.
4. Лячэнне паралюшу (праз 10—15 гадоў)
Навукоўцы распрацавалі так званы нервовы шунт: да галаўнога і спіннога мозгу, а таксама да пашкоджанай канцавіны падлучаецца адмысловы электрод. Сігнал ад галаўнога мозгу трапляе наўпрост у канцавіну, і пацыент сілай думкі можа ёй кіраваць. Навукоўцы спадзяюцца, што тэхналогія дазволіць не толькі пазбавіцца ад паралюшу, але яе можна выкарыстоўваць і для вяртання зроку і памяці.
5. 360-градусныя камеры (тэхналогія ўжо выкарыстоўваецца)
Ужо зараз можна набыць спецыяльныя камеры, якія робяць здымкі ў рэжыме сферычнай панарамы. Сярод вытворцаў — Ricoh, Samsung, 360fly, JK Imaging, IC Real Tech, Humaneyes Technologies. Каштуе такая прылада 500—800 даляраў ЗША.
6. Гарачыя фотаэлементы (10—15 гадоў)
Навукоўцы MIT на аснове звычайных сонечных панэляў распрацавалі больш эфектыўныя тэрмафотаэлементы. Звычайныя фотаэлементы ператвараюць у электрычнасць максімум 32% энергіі сонца. А ў тэрмафотаэлементаў, распрацаваных MIT, эфектыўнасць удвая вышэйшая.
7. Генная тэрапія 2.0 (тэхналогія ўжо выкарыстоўваецца)
Прынцып лячэння генетычных хвароб просты: з дапамогай віруса ў клеткі дасылаецца і ўкараняецца новы генетычны матэрыял. Ужо зараз навукоўцы пры дапамозе геннай тэрапіі могуць вылечыць такія генетычныя захворванні, як, напрыклад, цяжкі камбінаваны імунадэфіцыт, прагрэсуючую слепату. А ўжо ў хуткім часе дактары змогуць лячыць і іншыя захворванні: хваробы Альцгеймера, дыябет, сардэчную недастатковасць і рак.
8. Клетачны атлас (5 гадоў)
Ствараецца міжнародны кансорцыум, у які ўвойдуць прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі, Нідэрландаў, Ізраіля і Японіі і які будзе займацца каталагізацыяй 37,2 трлн клетак чалавечага цела. Кожная клетка ў каталогу будзе мець унікальны індэкс і малекулярны подпіс. Гэты атлас упершыню пакажа ў самых дробных дэталях, з чаго складаецца цела чалавека, што зможа істотна паскорыць пошук новых лекаў.
9. Ботнэт рэчаў (тэхналогія ўжо выкарыстоўваецца)
Ботнэты (сеткі, якія складаюцца з камп’ютараў з аўтаномнымі праграмамі) выкарыстоўваюцца з пачатку 2000-х гадоў. Хакеры выкарыстоўваюць гэтыя сеткі для ажыццяўлення DDoS-атак.
Інтэрнэт рэчаў (сетка, якая складаецца з электронных прылад з выхадам у інтэрнэт) з’явіўся не так даўно. І зараз хакеры выкарыстоўваюць інтэрнэт рэчаў для стварэння ботнэтаў, якія складаюцца з дзясяткаў тысяч бытавых прылад. Так, у кастрычніку з дапамогай ботнэта была паралізавана праца інтэрнэт-правайдара Dyn.
MIT Technologies Review адзначае, што наўрад ці праблема ботнэтаў вырашыцца ў хуткім часе. І пакуль навукоўцы не распрацуюць надзейную сістэму абароны, хакеры і далей будуць выкарыстоўваць ботнэты рэчаў.
10. Навучанне з падмацаваннем (1—2 гады)
З дапамогай гэтай тэхналогіі камп’ютар праводзіць эксперыменты, атрымлівае вынікі гэтых эксперыментаў і выкарыстоўвае іх для пошуку шляхоў выканання задач. Фактычна камп’ютары навучаюцца як людзі, шляхам спробаў і памылак, без знешняй дапамогі. Гэтую тэхналогію ўжо зараз выкарыстоўваюць для падвышэння бяспекі беспілотных аўтамабіляў. Навукоўцы імкнуцца распаўсюдзіць яе выкарыстанне і на іншыя сферы.