Больш за тысячу чалавек правялі рэшту першага фэстывальнага дня пад моцным дажджом. Героямі дня сталі француcкі гурт “Vladivostok” і беларускі “Zet”.

Пачатак фэстывалю адбываўся ў прысутнасьці адносна невялікай колькасьці гледачоў. У натоўпе загучалі ўзгадкі таксама адносна нешматлюднага мінулгодняга фэстывалю ва ўкраінскім Луцку. Сытуацыя збольшага пачала выпраўляцца са зьяўленьнем на сцэне ўкраінскага гурту “Інкунабула”. У гэты момант цікава было пачуць заўвагі беларусаў пра тое, што ўкраінскія міліцыянты ні чым не адрозьніваюцца ад беларускіх калегаў – усё тыя зьняважлівыя ўсьмешкі ды рэплікі. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што паводзілі сябе мясцовыя праваахоўнікі нашмат больш сьціпла і стрыманна,чым беларускія міліцыянты ў часе масавых акцыяў. Зрэшты, яны амаль не зважалі і на п’яных палеткаў, якіх было вельмі шмат на львоўскім фэсьце. Пра незвычайна добрых львоўскіх міліцыянтаў нагадаў і лідэр “Зьніча” Алесь Таболіч, які выйшаў на сцэну пасьля Памідорава і палякаў з “Rockaway”.

Сапраўдным упрыгожаньнем і сюрпрызам першага фэстывальнага вечару сталі французы з гурту “Vladivostok”. У некалькіх песьнях яны ўпляталі ў радкі лёзунг “Жыве Беларусь!”, пры чым, з кожным разам выклік у іхным выкананьні ўсё больш набліжаўся да ідэальнага па гучаньні варыянту. Як і сталыя “дзякУй” пасьля кожнай песьні. З падачы Памідорава публіка на сыход французаў пачала скандаваць “Мерсі!!!”. У адказ пачулі “няма за што” і “час сядаць за стол”.

У гэты момант другі раз за дзень пачынаў імжэць дождж. З кожнай хвілінай ён мацнеў. Таму Лявон Вольскі, які разам са сваім гуртом “Zet” зьмяніў французаў, вымушаны быў ісьці на невялікія хітрыкі – паміж іхнімі песьнямі амаль не было паўзаў, а заадно “зэтаўцам” давялося пастарацца, каб давесьці, што і яны ня лыкам шытыя.

Зь першых песень падалося, што голас слаба слухаецца Вольскага, але звышмацыйна выкананае “Востае джала” вярнула ўсё на свае месцы. Пад моцным дажджом побач са сцэнай адчайна танчылі больш за дзясятак маладых людзей з голым торсам. Натоўп яшчэ колькі хвілін не хацеў адпускаць “Zet”. Сканчавалі першы фэстывальны дзень падгукі моцнага дажджу ўкраінскія “Гайдамакі”.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?