Ніна Стужынская.

Ніна Стужынская.

Для нас, якія пражылі жыццё, напоўненае гістарычнымі казкамі пра добрага дзядулю Леніна і Вялікі Кастрычнік, якія і сёння не ў стане намацаць арыенціры ў будучыню з прычыны ўкарэненасці ў свядомасці гэтых міфаў, натуральнае жаданне дакапацца праўды. Саскрабці рэтуш з «дасягненняў» гістарычнай навукі, якая ператварыла тыя пякельныя трагічныя дні ў застылую мёртвую схему, няпроста. На гэта, па-першае няма палітычнай волі: для ўлады Беларусі Кастрычнік па-ранейшаму застаецца адной з асноў гістарычнай легітымнасці. Па-другое, не адно пакаленне, забубніўшы пералік падзей гэтага «вялікага» дня, страціла надзею і цікавасць дакапацца праўды.

Бязлюдная (творцы рэвалюцыі амаль усе былі знішчаны ў 1930-я), залакіраваная партыйнымі ідэолагамі непраўдзівая гісторыя рэвалюцыі паціху страціла аўтарытэт і годнасць.

Рэвалюцыйны сюжэт — ці то ў фундаментальнай акадэмічнай працы, ці то ў падручніку — выглядаў традыцыйна і прымітыўна. Па адзін бок умоўных барыкад пад чырвоным сцягам — бальшавікі, партыя ленінцаў, за якой ў адным памкненні масы, з другога — вартая жалю «кучка» — усіх пакрысе: меншавікі, эсэры, бундаўцы, нацыяналісты.

З кім бальшавікі так бязлітасна змагаліся і над кім атрымалі «вялікую» перамогу? Выходзіць, што антыбальшавіцкая альтэрнатыва, другая, беларуская, нацыянальная, свая гісторыя Кастрычніка засталася недзе ў гістарычным цені. Суседзі — украінцы — пад суправаджэнне «ленінапада»адзначаюць Вялікую ўкраінскую рэвалюцыю, ствараюць новае гістарычнае палатно і новы сэнс мінулага з пункту гледжання новай рэчаіснасці. А мы маем горы малакарыснай літаратуры, а цікавымі застаюцца толькі «замалёўкі» першапраходцаў, якія, не спазнаўшы прэсу савецкай цэнзуры, пакінулі цікавыя сведчанні.

Цяпер мала хто паверыць, што Кастрычнік — «вяршыня гістарычнага працэсу», хутчэй можа пагадзіцца з жартам, што «рэвалюцыя — традыцыйная руская гульня». Дык хто і як «згуляў» у Мінску ў кастрычніку — лістападзе, 100 год таму? Калі ў 1922-м пачаў працаваць Інстытут гісторыі партыі (Гістпарт), адразу склалі спісы «актыўных удзельнікаў і кіраўнікоў Кастрычніцкім пераваротам на Заходнім фронце». (Прыкладна да 10-га юбілея рэвалюцыі, падзея ў крыніцах, дакументах, СМІ называлася пераваротам). Паказальна, што ў пераліку імёнаў няма беларусаў, негледзячы на ўсе намаганні, каб іх знайсці. 

У персанальных спісах створаных бальшавікамі арганізацыяў — адны і тыя ж людзі. Спіс №1 «сябры Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РСДРП»: Мяснікоў, Ландар, Кнорын, Фамін, Алібегаў…

Спіс №2 «Сябры бальшавіцкай фракцыі Мінскага савета (шматпартыйнага, дарэчы): Мяснікоў, Ландар, Кнорын, Фрэйман, Алібегаў… Спіс №3 «сябры ваенна-рэвалюцыйнага камітэту»: ): Мяснікоў, Ландар, Кнорын, Фрэйман… Спіс №4 складу рэдакцыі газеты «Звезда»: Мяснікоў, Фрунзе (хутка яго зменіць Кнорын), Фамін… Як бачым, галоўных «гульцоў» не так і шмат. Першы з іх яўны верхавод, франтавы «дыктатар» з прапаршчыкаў.

Усе яны выпадкова, хваляю Першай сусветнай вайны былі закінуты ў Беларусь. Маргіналы, адарваныя ад сваёй нацыянальнай глебы, людзі без каранёў, яны знайшлі месца для ажыццяўлення сваіх уладных амбіцый.

Тэарэтычна Беларусь мала падыходзіла для бальшавіцкіх эксперыментаў. Гэта адразу заўважыў Вільгельм Кнорын, гаворачы, што «народ не той»: «Беларусь — край абсалютна пазбаўлены буйной прамысловасці, класічнай дробнабуржуазнай саматужнай вытворчасці… Сялянства забітае больш, чым дзе б то ні было. Край з надзвычай заблытанымі нацыянальнымі адносінамі. Паміж горадам і вёскай глухая сцяна непаразумення. Вёска жыве сваім асобным жыццём… Лютаўская рэвалюцыя заспела Беларусь зусім непадрыхтаванай…»

Галоўная гаспадыня тага часу на беларускіх тэрыторыях — вайна, трагічныя наступствы якой апантаны бальшавік быццам не заўважыў, хаця дзякуючы менавіта вайне, хаосу і заняпаду, якія яе суправаджалі, «здзічэласці» абшынеляваных сялян у акопах, такія, як ён, перамаглі.

На фронце панавалі настроі непазбежнай катастрофы. Сакрэтныя тэлеграмы сведчаць пра поўнае разбурэнне арміі і аб яе відавочнай крыміналізацыі. Нейкая «Варшаўская група» крымінальнікаў рабавала харчовыя склады і выразала жыхароў Мінска і прыгарада. «У сталовую 16 эпідэмічнага атрада кінута бомба (сваімі), забіты фельчар, паранены ўрач, тры сястры міласэрнасці, адна кантужана. 31 палка салдат Салтыкоў забіў ротнага камндзіра, а салдат Стралкоў праследаваў камандзіра з карабінам…Да ўлады адносіны насцярожаныя, недаверлівыя, часта варожыя. Афіцэры абыякавыя і бязвольныя, частка — дэмагогі». Камандуючы Х арміяй Заходняга фронту (цэнтр Маладзечна) генерал Кісялеўскі ў лісце ад 14 чэрвеня галоўнакамандуючаму Заходнім фронтам генералу А. Дзянікіну пісаў: «Я абавязаны Вам сказаць: армія цяжка хворая, каб выканаць свой абавязак…». Каласальная колькасць ахвяр, кепскае забяспячэнне зброяй, няўдачы на фронце сур’ёзна адбіліся на маральным стане арміі.

Вінаватымі ў падзенні нораваў палічылі не толькі бальшавікоў з іх газетамі, але і жанчын з «сурагатных», на думку А. Дзянікіна, вайсковых частак. Камісар Часовага ўрада на Заходнім фронце П. Балуеў 23 кастрычніка істэрычна патрабаваў ад Стаўкі галоўнакамандуючага прыбраць з фронта жаночы батальён, які дыслакаваўся каля Смаргоні, «апроч шкоды гэты батальён нічога зрабіць не можа…У сучасны момант разбурэнне арміі такое, што маленькая шкода небяспечная. Патрабую вывесці жаночы батальён з фронта».

Генерал Брусілаў ў звароце ад 8 ліпеня 1917 г. да глаўкомаў франтоў выказаў думку аб неабходнасці стварэння частак добраахвотнікаў з прычыны пагрозы грамадзянскай вайны: «Бальшавізм зрабіў сваю справу і армія, у значнай ступені атручаная гэтай прапагандай, не толькі не абароніць свабоду, але застаючыся статкам без пастуха, загубіць яе». Баявы генерал добра разумеў, што « з апошнім стрэлам на фронце ўсё, што цяпер удаецца трымаць у акопах, рынецца ў тыл і прытым са зброяй у руках».

Мінск быў на шляху гэтай арды. «Гэтая шматтысячная сялянская маса ў салдацкіх шынялях, - сведчыў В. Кнорын, - была та самая сіла, што ажыццявіла кастрычніцкі пераварот у Мінску і на Заходнім фронце».

Бальшавікі рыхтавалі ваенны пераварот і наконт рэвалюцыйнасці мінскага гегемону ілюзій не мелі. « 25 кастрычніка большасць рабочай секцыі Мінскага савета, -сцвярджаў Кнорын, - складвалася з бундаўцаў і меншавікоў…рабочая арганізацыя — Мінскае цэнтральнае бюро прафесіянальных саюзаў — было пад кіраўніцтвам бундаўцаў І. Перэля, А. Вайнштэйна, Э. Фрумкінай». І яшчэ адно аўтарытэтнае сведчанне: «Моцных сувязей з рабочымі няма, - заявіў на VI з’ездзе РСДРП (б) усюдыісны Мяснікоў. — З прычыны блізкасці фронту наша арганізацыя па сутнасці ваенная». «…бальшавіцкія кіраўнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі былі чужымі ў нашым краі…» — перабароў страх і прамовіў вядомы рэвалюцыянер С. Агурскі. Восеньскіе падзеі 1917 г. нацыянал-камуніст А. Чарвякоў да таго, як «пераканаўся» ў велічы Кастрычніка, назваў падзеі «салдацкай» рэвалюцыяй. Потым, праўда, перадумаў, што аднак не ўратавала яго жыццё. 

Такім чынам мінскія пралетары засталіся ў баку ад пераварота. У герояў революцыі яны ператворацца значна пазней, калі гісторыкі-прафесіяналы пачнуць падганяць падзеі пад зададзеную схему.

 «…банда ўзброеных людзей» (генерал Брусілаў) ці «маса ў шэрых шынелях» (бальшавік Кнорын) забяспечыла захоп улады бальшавікам. Спачатку «творцы Кастрычніка» і не хавалі, што мелі падтрымку толькі на фронце: «25 кастрычніка ён (бальшавізм — аўт.) быў чужым для шырокіх мас…», пісаў В. Кнорын ў артыкуле для зборніка «Беларусь» (1924.) Праз некалькі гадоў ён жа напіша аб усеагульнай падтрымцы партыі бальшавікоў рабочымі і сялянамі, аб існаванні падрыхтаванага плана ўзброенага выступу і распісаных ролях: хто на телеграф і пошту, а хто ў казармы…

Шмат хто са сведкаў сцвярджаў, што большасць мінчукоў не заўважыла перавароту, газету «Буревестник», дзе была надрукава навіна з абвяшчэннем савецкай улады, мала хто прачытаў.

Палітычнае жыцце ў Мінску і на фронце было вельмі стракатым весною 1917-га. На руінах імперыі кожная з партый будавала свае планы прыходу да ўлады. Паралельна і суплётам, кааліцыйна і апазіцыйна суіснавалі ў горадзе шматлікія палітычныя плыні. Кастрычнік — час паседжанняў і з’ездаў: франтавых, сялянскіх, партыйных. Армія патрабавала хлеба, вопраткі, адпачынку і яшчэ — Устаноўчага сходу.

Літаральна напярэдадні перавароту скончыў працу з’езд беларусаў-воінаў Заходняга фронту, ён прыняў рэзалюцыю, якую змясціла газета «Фронт» аб «неабходнасці ўтварэння асобнай беларускай арміі і аўтаноміі Беларусі ў межах федэратыўнай рэспублікі».

На з’ездзе быў зацвержаны спіс кандыдатаў, вылучаных Беларускай Грамадою ва Устаноўчы сойм, большасць якога склалі вядомыя беларускія палітыкі — П. Бадунова, С. Рак-Міхайлоўскі,І. Краскоўскі, А. Прушынскі (Алесь Гарун), А. Чарвякоў, Я. Дыла. 22 кастрычніка пачала першую сесію Часовая Цэнтральная Вайсковая Беларуская Рада, у склад якой увайшлі людзі, якія паспрабуюць пазмагацца за ўладу ў паслякастрычніцкай сумнай будучыні: капітан Ярушэвіч, яфрейтар Шыла, унцер-афіцэр Мамонька, ст. унцер-афіцэр Рак-Міхайлоўскі, падпрапаршчык Дварчанін, ваенныя чыноўнікі Захарка і Аляксюк і інш. Другім у спісе пазначаны капітан Адамовіч, прадстаўнік 372-й Мінскай дружыны, якая лічылася абсалютна «чырвонай», апораю бальшавіцкай часткі Мінскага савета. У 1917 г. Вячка Адамовіч стане кіраўніком гуртка беларусазнаўства ў Мінскай семінарыі, а праз два гады прагрыміць як атаман Дзяргач, кіраўнік «Зялёнага Дуба», калі палітычныя сродкі барацьбы будуць вычарпаныя і застануцца толькі баявыя.

24 кастрычніка вырашаў неадкладныя задачы з’езд саветаў сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту. Делегаты выказаліся за ўтварэнне сялянскай большасці ва Устаноўчым сойме, паколькі краіна ў большасці сваёй сялянская.

На наступны дзень, атрымаўшы ашаламляльныя весткі аб перавароце, прыняў рэзалюцыю; «З’езд сялянскіх дэпутатаў з горыччу пачуў аб тым, што адна частка дэмакратыі зноў паспрабавала захапіць у свае рукі сілаю ўладу напярэдадні самога склікання Устаноўчага сходу».

Трэба патлумачыць, што першыя чуткі аб маючай адбыцца змене ўлады прайшлі яшче 20 кастрычніка, але самі бальшавікі хутка дэзавуявалі іх. Паказальна, што сялянскі зварот — гэта апошні дакумент, дзе бальшавікі згадваюцца як дэмакраты.

Шматлікія палітычныя партыі рашуча асудзілі пераварот.

«Напярэдадні склікання Устоноўчага сходу …гэта партыя шляхам ваеннай змовы, упатайку ад другіх сацыялістычных партый і рэвалюцыйных арганізацый, абапіраючыся на моц штыкоў і кулямётаў, здзейсніла дзяржаўны пераварот». («Рабочая газета»). «Злачынства здзейснілася! Бальшавікі спакусілі, заблыталі цёмную частку салдат і рабочых…» («Дело народа»). « Улада сілаю штыка, кучкі дыктатараў, змоўшчыкаў, абсалютна вар’яцкая жудасная справа». («Борьба»). «Нож у спіну рэвалюцыі!» ЦК Бунда, найбольш уплывовай палітычнай сілы ў Мінску, 7-9 лістапада прыняў рэзалюцыю:»…тэрор бальшавікоў, які абапіраецца на ўзброеную дыктатуру салдат, прадстаўляе сабою найбольшую бяспеку для рэвалюцыі, адкрывае шлях для ваеннай дыктатуры контррэвалюцыі… нашай задачай з’яўляецца канцэнтрацыя сіл рэвалюцыйнай дэмакратыі вакол ідэі непрызнання гэтай улады і ізаляцыі яе з тым, каб падрыхтаваць яе падзенне…»

Не шмат мінула часу, як газета «Вольная Беларусь» з нагоды гадавіны Лютаўскай рэвалюцыі з пачуццём болю адзначыла: «…выявілася, што вялікарускі народ устаў перад намі як новы валадар і гвалтаўнік і ён …не адкажацца ад свайго нацыянальнага панавання… Наёмные банды бальшавізму не спыніліся ні перад чым, каб утрымаць сваё нацыянальнае ўладарства».

А Змітрок Бядуля, які не паспеў яшчэ «саветызавацца», ў вялікай скрусе расчаравання напісаў:

О, воля, ты толькі, як промень, зірнула,
О, воля, ты нас абманула…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0