23-гадовы Антон размяшчаў на сваёй старонцы «Укантакце» відэа, дзе неанацысты збіваюць каўказцаў, фота нарвежскага забойцы Брэйвіка і сцэны забойстваў габрэяў, піша sb.by.

Відэаролікі хлопец суправаджаў лозунгамі «За белую веру, за Рускі парадак». Выкладваў відэа Антон з 2013 года, а ў 2017-м ім зацікавіліся міліцыянты. Завялі крымінальную справу.

«У 13 гадоў Антон з сябрам збег з дому і з'ехаў у Маскву. Калі стала няма чаго есці, яны пайшлі ў нейкую грамадскую арганізацыю. Яе офіс быў зачынены. У гэты момант да іх на аўтамабілі пад'ехалі каўказцы і паабяцалі, што дапамогуць вярнуцца дадому. Але замест гэтага хлопцаў павезлі ў Калмыкію, дзе на працягу паўгода за ваду і хлеб прымушалі пасвіць бараноў і выконваць іншыя гаспадарчыя працы. Кажуць, іх у Чачню ў рабства хацелі прадаць, але хлапчукам ўдалося збегчы.

Пасля гэтага Антон ненавідзеў каўказцаў, зацікавіўся рухам скінхэдаў, зрабіў сабе наколку ў выглядзе свастыкі і далучыўся да агрэсіўна настроеных футбольных фанатаў, якія ладзілі бойкі з канкуруючымі групоўкамі, — распавёў sb.by следчы Дзмітры Федасееў. —

Сам Антон відэа не здымаў і не з'яўляўся іх удзельнікам. Але відэа на працягу некалькіх гадоў знаходзілася ў адкрытым доступе. Паглядзець яго мог кожны. У тым ліку непаўналетнія. Так, падчас расследавання такіх злачынстваў няма пагоняў і перастрэлак. Тут галоўнае — правесці якасную экспертызу відэаматэрыялу. У нашым выпадку эксперты прызналі ролікі экстрэмісцкімі. Гэта і з'явілася падставай для крымінальнай справы».

Антон нідзе не працаваў, меў 6 судзімасцяў за крадзяжы, угоны аўто, меў алкагольную залежнасць. У выніку Віцебскі абласны суд вырашыў, што Антон вінаваты ў распальванні міжнацыянальнай і расавай варожаці, а таксама ў распаўсюдзе порна. Бліжэйшыя 2,5 года хлопец правядзе за кратамі.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?