![]() |
Багата ілюстраваная, на добрай паперы кніга нарадзілася з ініцыятывы супольнасьці карыстальнікаў парталу «Ізрой».
Мэта кнігі — паказаць сучасьнікам спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Трое зь цяперашніх аўтараў (Дз.Гулецкі, А.Грамыка, А.Крываручка) летась ужо выдалі кнігу «Манэты Беларусі да 1707 году».
Першы разьдзел кнігі прысьвечаны мапам і гравюрам, што зьвязаныя з ВКЛ. Гэта першая спроба сыстэматызаваць цікавую, але мала вядомую для большасьці галіну нашай спадчыны. Прадстаўленыя вядомыя і мала вядомыя старажытныя мапы ВКЛ і гравюры беларускіх гарадоў. Ёсьць табліцы з аўкцыённымі коштамі некаторых выданьняў.
Пры канцы кнігі пададзеныя парады — «Мапы ў інтэр’еры» — аб правільным разьвешваньні, доглядзе і захоўваньні старажытных мапаў і гравюраў.
Другі разьдзел кнігі прысьвечаны манэтам, што абарачаліся на землях Беларусі ад часоў Ягайлы да апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага. Зьмешчаны пашыраны каталёг з прыблізнымі коштамі на беларускім рынку.
Прадстаўленыя дасьледаваньні беларускіх нумізматаў па літоўскіх манэтах Аляксандра Казіміравіча і Жыгімонта Старога, полацкіх фальшыўках лівонскіх манэт, літоўскіх барацінках 1660—1661 гг. і вытворчасьці манэт за часамі Панятоўскага. Чытача зацікавіць таксама невялікія зацемкі «Цікавыя факты», пададзеныя ці не на кожнай старонцы аб працы мынцаў (манэтных двароў), каралеўскія прывілеі і іншыя падзеі, зьвязныя з вытворчасьцю манэт на землях ВКЛ.
Трэці разьдзел прадстаўляе прыватныя пячаткі ВКЛ. Кніга прапануе шматлікія фота пячатак літоўскай шляхты, заможных месьцічаў і габрэйскіх гандляроў, што захоўваюцца ў прыватных калекцыях і публікуюцца ў Беларусі ўпершыню.
Кніга станецца ня толькі добрым айчынным дапаможнікам для калекцыянэраў, але ж і заахвоціць шмат каго да зьбіраньня старажытных рэчаў, зьвязаных зь Вялікім Княствам.
Руслан Равяка, Баранавічы





